ПІЛІПАЎСКІЯ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 535 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.6%CHINA CHINA
5.4%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5.1%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
ПІЛІПАЎСКІЯ

836. Сахараў, 1, с. 59. Зап. Я. Кірстук у 1935 г. у в. Сілене (б. Бароўка) Сіленскай вол. Ілукстэнскага п. ад сваёй маці. Ільняная.

 

 

 

Доўга, доўга звячора сядзела,

 

Тонкі я, белы кужалёчак я прала,

 

Часта я, часта праз ваконца паглядала.

 

Адкуль, адкуль ясны месяц узойдзець,

 

Адтуль, адтуль мой татулька прыедзець.

 

Кіну я пралку на белую лаўку,

 

Сама пайду татку пераймаць.

 

Правай ручкай татульку вітаю,

 

Левай ручкай слёзкі выціраю.

 

— Чаго, чаго, мая дзіцяці, плачаш?

 

Ці табе свякроўка ліхая!?

 

— Мне свякроўка, як родна матулька.

 

— Ці табе свёкарочак ліх?

 

— Мне свёкарочак, як родны татулька.

 

— Ці табе дзевярочкі ліхія?

 

— Мне дзевярочкі, як родныя браточкі.

 

— Ці табе зальвіцы ліхія?

 

— Мне зальвіцы, як родны сястрыцы.

 

— Ці табе міленькі ліхі?

 

— Згадаў, згадаў, мой татулька родненькі:

 

Ціха іду — як свіння паўзу я,

 

Скора іду — як каза скачу я,

 

Бела нашу — то жана хвасліва,

 

Чорна нашу — то жана ляніва.

 

 

 

837. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 108, сш. 1, л. 42—43. Зап. М. П. Гваздзёў у 1967 г. у в. Галаўчын Бялыніцкага р. ад Вольгі Хадасевіч, 73 г. Выконвалася на супрадках.

 

 

 

Праду я, праду, спатанькі хачу.

 

Як пайду я ў каморачку,

 

Прыкладу я галовачку там,

 

Ці не засну, ці не паляжу.

 

Свёкарка ідзець, мяне судзячы:

 

— Санлівая, драмлівая,

 

На работу лянівая.

 

Толькі ёй ўсё спаць,

 

Толькі ёй ўсё драмаць.

 

Праду я, праду, спатанькі хачу.

 

Як пайду ж я ў каморачку,

 

Прыкладу я галовачку там,

 

Ці не засну, ці не задрамлю.

 

Свякроўка ідзець, мяне судзячы:

 

— Санлівая, драмлівая,

 

На работу лянівая.

 

Толькі ёй ўсё спаць,

 

Толькі ёй ўсё драмаць.

 

Праду я, праду, спатанькі хачу.

 

Як пайду я ў каморачку,

 

Прыкладу я галовачку там,

 

Ці не засну, ці не паляжу.

 

Мамачка ідзець, мяне жалеець:

 

— Дзіця ж маё дарагое

 

Пайшло замуж маладое,

 

Дзеткі абнялі, спаткі не далі.

 

 

 

838. Сахараў, 1, с. 59—60. Зап. Г. Нікіфароўская ў 1922 г. у Вецслабадзе Істрэнскай вол. Лудзенскага п. ад бабкі Луцэі. Ільняная.

 

 

Як пайшоў жа кужаль па кутах, па лаўках.

 

Каліна, маліна мая! [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

 

Па кутах, па лаўках, па дзеўках-красаўках.

 

Ды прыйшоў жа кужаль ды к нашай Насцінькі.

 

А наша Насцінька — ды тонкая пралля,

 

Ды тонкая пралля, ды звонкая ткалля:

 

Увадзіла ніткі пароўна калена,

 

Пароўна калена, таўсцей за палена.

 

Задумала Насцінька красёнкі ткаці,

 

Пайшла ў добры людзі бёрды дабываці.

 

Бёрды не дабыла — сабак надражніла,

 

Сабак надражніла, людзей насмяшыла.

 

Параілі людзі па пнёўю снаваці,

 

Па пнёўю снаваці, у ізгароду ткаці,

 

У ізгароду ткаці, калом прыбіваці.

 

Ехалі баяры, бог помач давалі:

 

— Бог помач, Насцінька, красёнцы ткаці!

 

Красёнцы ткаці, калом прыбіваці,

 

Дочкам — на платочкі, сынам — на парточкі.

 

Павязла Насцінька бялізну бяліці:

 

На рэчку — каламі, а з рэчкі — валамі.

 

 

 

839. АІМЭФ, ф. 2, воп. 11. Зап. З. Я. Мажэйка ў 1973 г. у в. Усполле Мсціслаўскага р. ад С. В. Давыдзенка, 73 г. Выконвалася ў Піліпаўку, перад Калядамі.

 

 

 

Мычка — адзінка вымярэння колькасці льну, кудзелі.

 

 

 

Пойдзем, дзевачкі, у начлежачкі.

 

Люлі, люлі, у начлежачкі. [Прыпеў “Люлі, люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

 

Возьмем, дзевачкі, паўтары мычачкі,

 

Напрадзём, дзевачкі, паўтары цэвачкі,

 

Аснуём, дзевачкі, паўтары губачкі.

 

Пайдзём, дзевачкі, на сяло бёрда шукаць.

 

Ўсё сяло абышлі, бёрда не найшлі.

 

Будзем, дзевачкі, ў прасла кросны снаваць,

 

Будзем, дзевачкі, у тын кросны ткаць.

 

 

 

840. Янчук, с. 90. Зап. Н. Янчук у в. Языль Бабруйскага п. Выконвалася на супрадках.

 

 

 

Сядзела Рында ды на печышчы, Рында, Рында, [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

 

Задрала ногі, ногі ды на гарадзішча, Рында, Рында,

 

Прыйшлі к Рындзе жаніхі, узялі Рынду варухі, Рында, Рында.

 

Ой, пайшла яна па суседачках, Рында, Рында:

 

— Да суседачкі, мае матушкі, Рында, Рында,

 

Па сарочачцы, па намётачцы, Рында, Рында.

 

— Не спаць было Рындзе Піліпавай ночы, Рында, Рында,

 

Прадзіраць было дзерчаком вочы, Рында, Рында.

 

— Чорт жа вас бяры, мае суседачкі, Рында, Рында.

 

У майго бацькі да бяроз многа, Рында, Рында.

 

Да здзяру ж я берасціначку, Рында, Рында,

 

Да пашыю ж хвартушыначку, Рында, Рында.

 

Падзёрачкам як падперажуся, Рында, Рында,

 

Перад сваім-сваім жанішком як наражуся, Рында, Рында,

 

Накрыюся я мяшком, мне не сорам з жанішком, Рында, Рында.

 

 

 

841. Добровольский, с. 370. Зап. у с. Шаталава Смаленскага п.

 

 

 

Мне спаць не даюць

 

I драмаць не вяляць.

 

Ох, і толькі ж то вяляць

 

Паціхонечку ступаць.

 

Ай, і міленькі па сенюшках

 

Пахажываець:

 

— Ой, спі ж ты, жанушка,

 

Ты душка мая!

 

На зялёны канаплі

 

А я стоража найму.

 

Я на белы кужалёк

 

Папрадуху пасаджу,

 

Я к малому дзіцю

 

А я нянюшку панайму.

 

 

 

842. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 75, сш. 4, л. 4. Зап. П. П. Альхімовіч у 1973 г. у в. Коўбча Клічаўскага р. ад Г. А. Вайніловіч, 1907 г. н.

 

 

 

Да было не спаць да Піліпавай ночкі, [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

 

Было прасці тоненькія сарочкі.

 

Як пайду я да й у сад зеляненькі,

 

Сустрэў мяне да казак маладзенькі.

 

Ён на мяне да ківае, міргае,

 

Я ж думала, што дарожкі пытае.

 

— Ці ты, казак, ці аслеп, ці не бачыш,

 

На дарозе стаіш, шчэ й дарожкі пытаіш?

 

Ці на гэта мяне мамка радзіла,

 

Каб я казакоў па дарожцы вадзіла?

 

Вой, на гэта мяне мамка радзіла,

 

Тонка прасці, звонка ткаці

 

Да беленька збяліці.

 

 

 

843. АІМЭФ, ф. 8, воп. 3, спр. 13 (рукапісныя матэрыялы С. П. Сахарава). Зап. С. П. Сахараў у в. Савельнікі Пасінскай вол. Лудзенскага п. ад Гертруды Слядзеўскай, 40 г.

 

 

Вы прадзіце, вы прадзіце, супражонкі,

 

Э-эй, ха-ха, супражонкі! [Прыпеў “Э-эй, ха-ха” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

 

Не глядзіце на мяне, маладу дзяўчыну.

 

Я, малада дзяўчына, заручона

 

За такога за маладога недаростка.

 

Не пушчае недаростак к мамцы ў госці.

 

Павяду я недаростка ў чыста поле,

 

Прывяжу я недаростка да бярозы,

 

Я дам недаростку вязку сена,

 

Пастаўлю недаростку вядро вады.

 

Не пайду я к недаростку тры дзянёчкі,

 

А тады я папрашуся к мамцы ў госці.

 

— А ты, душка-жанушка, хоць сягоння.

 

 

 

844. АІМЭФ, ф. 2, воп. 11. Зап. З. Я. Мажэйка ў 1973 г. у в. Краснаўка Лепельскага р. ад Еўдакіі Броўка, 73 г. Заўв. збіральніка: “Спяваюць на бяседзе ў Каляды».

 

 

 

Ай, вярбіна, вярбінушка,

 

Ай, вярбіна кудравая,

 

 

 

Як табе не здакучыла,

 

Як табе не здакучыла,

 

 

 

У цёмным лесе стоючы,

 

У чыстае поле гледзючы.

 

 

 

Маладзіца маладая,

 

Маладзіца маладая,

 

 

 

Як табе не здакучыла,

 

Як табе не здакучыла,

 

 

 

Із ліхім мужам жывучы,

 

Із ліхім мужам жывучы.

 

 

 

— Ай, суседзі, суседачкі,

 

Вы ж парайце парадачку,

 

 

 

Вы ж парайце парадачку,

 

А як мне з ліхім мужам жыць.

 

 

 

— Маладзіца маладая,

 

Мы ж параім парадачку:

 

 

 

А й ідзі ў чыстае поле,

 

Наскрабі хмелю ярага.

 

 

 

Наскрабі хмелю ярага,

 

Навары піва п'янага.

 

 

 

Навары піва п'янага,

 

Упаі мужа ліхога.

 

 

 

Упаі мужа ліхога,

 

Палажы спаці ў краваці.

 

 

 

Абсцялі ты саломкаю,

 

Запалі ты лучынкаю.

 

 

 

Сама выйдзі на вулачку,

 

Крыкні, гойкні ратуначку:

 

 

 

— Ой, суседзі, суседачкі,

 

Вы спіцё, вы не чуеце!

 

 

 

Усю ноч грамоты гулі,

 

Майго мужа пярун забіў.

 

 

 

Майго мужа пярун забіў,

 

Я й, маладзенька, ‘дкацілася.

 

 

 

845. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 108, сш. 2, л. 35—36. Зап. М. П. Гваздзёў у 1967 г. у в. Галаўчын Бялыніцкага р. ад Анастасіі Чупрынскай, 54 г.

 

 

 

Двор пад гарою, а сад над вадою.

 

— Пусці, пусці, мой свёкарка,

 

У свой сад пагуляць, вішанькі нашчыпаць.

 

Я не буду вішні шчыпаць,

 

Толькі вышчыкну адну вішаньку,

 

Панясу татачку на парадачку.

 

— Парай, парай, татачка,

 

Як з нялюбым жыць, нялюбаму наравіць.

 

— Сядзь, маё чада, за цясовым сталом,

 

Назаві нялюбага ясным сакалом.

 

— Лепей, татачка, горкі палын есці,

 

Чым з нялюбым за сталом сесці.

 

Лепей, татачка, камень падняць,

 

Чым нялюбага сакалом назваць.

 

Камень падніму — я й не ўтамлюся,

 

Нялюбага сакалом назаву — слязамі абальюся.

 

 

 

846. Шейн. Материалы, с. 67—68. Зап. у г. Копысь Горацкага п. Магілёўскай губ.

 

 

 

Асвяціў месяц і зямлю, і ваду,

 

Ой, рана-рана, і зямлю, і ваду! [Прыпеў “Ой, рана-рана” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

 

 

 

Мяне, маладу, сярод горада.

 

А я, малада, ўсё каўры ткала,

 

Кругі золата паразбірала.

 

У тую пару, у тое ўрэмечка

 

Ка мне, маладзе, да свёкар на двор,

 

Свёкар на двор, пад акошачка.

 

Ах я, малада, сыпужалася:

 

Кругі залаты памяшаліся,

 

Сізыя галубы пападымаліся,

 

Ясныя сакалы паразляталіся.

 

Сізыя галубы да пад стрэшанькі,

 

Ясны сакалы да пападнебейку.

 

 

 

Асвяціў месяц і зямлю, і ваду,

 

I мяне, маладу, сярод горада.

 

А я, малада, ўсё каўры ткала,

 

Кругі золата паразбірала.

 

У тую пару, у тое ўрэмюшка

 

Ка мне, маладзе, мой татка на двор,

 

Мой татка на двор, пад акошачка,

 

Ах я, малада, узрадавалася,

 

Кругі залаты азлаціліся,

 

Сізыя галубы саляталіся,

 

Ясныя сакалы сабіраліся,

 

Сізыя галубы з-пад стрэшаньй,

 

Ясны сакалы з-пад небейка.

 

 

 

847. Сербаў // Гоман, 1918, № 83. Зап. у м. Кульшычы Быхаўскага п.

 

 

 

А ўзышоў месяц вышэй гораду,

 

Ай, рана, рана, вышэй гораду.

 

Асвяціў месяц і зямлю, і ваду,

 

I зямлю, і ваду, і мяне, маладу,

 

Ай, рана, рана, і мяне, маладу.

 

 

 

А я, малада, ўсё каўры ткала,

 

Ай, рана, рана, усё каўры ткала.

 

Залаты кругі прысесць клала,

 

Ай, рана, рана, на прысесць клала.

 

 

 

Ай, стуку, груку, ды свякор на двор,

 

Ай, рана, рана, ды свякор на двор.

 

А я, малада, улякнулася,

 

Ай, рана, рана, улякнулася

 

 

 

I з падножайкі спатыкнулася,

 

Ай, рана, рана, спатыкнулася.

 

 

 

848. Добровольский, с. 375. Зап. у с. Шаталава Смаленскага п.

 

 

 

А што ўчора са вячора

 

Сасна з ветрам гаварыла:

 

— Ой ты, ветра, ты, мой ветра,

 

Не шугукай нада мною,

 

Не шугукай нада мною,

 

Над зялёнаю сасною.

 

А што ўчора са вячора

 

Цешча з зяцем гаварыла:

 

— Ох ты ж, зяцю, ты, мой зяцька,

 

Ты не бей майго дзіцяці.

 

А маё ж то дзіцяця

 

Дзень стаіць на рабоце,

 

А ў вечары — на варкоце,

 

Ночка прыйдзець — на ташноце.

 

 

 

849. ЦДАЛМ, ф. 1429, воп. 1, спр. 126, л. 154, № 366. Зап. А. Валевіч у 1936 г. у в. Жорнаўка Бярэзінскага р. ад Палагеі Цішкевіч, 49 г.

 

 

 

Як пайду я ды ў лес далінаю,

 

Ці не спаткаю ды вярбу з калінаю.

 

Я й выламлю ды з каліначкі ветку,

 

Кіну, кіну ды пад мамчыну клетку.

 

Нейдзе мая мамка ды весел банкет мае,

 

У тым банкеце ды мяне ўспамінае:

 

— Нейдзе маё дзіця без долі радзілася,

 

Што яно ка мне ды на абед спазнілася.

 

Узыдзі, узыдзі, ды вячэрняя зара,

 

Прыйдзі, прыбудзь, ай, далёкае дзіця!

 

Зара ўзышла, увесь свет асвяціла,

 

Дзіця прыйшло, увесь род ўзвесяліла.

 

 

 

850. Добровольский, с. 357. Зап. у с. Плоскае Смаленскага п. Спявалі на пасядзелках.

 

 

 

Як жылі ж то былі да два брахненькі родных,

 

Яны піва наварылі і гасцей пазазвалі.

 

Па багатую сястру коней паслалі,

 

А худую ж, бядную да людзечкі наказалі,

 

А багатую сястру на тры ночы ўзнімаюць,

 

А худую, бядную да скрозь ноч пасылаюць:

 

— Ты ідзі-ка, сястрыца, ты ідзі-ка, бядная,

 

А скрозь ночаньку двору,

 

Твае дзетушкі плачуць, піці-есцінькі хочуць.

 

Як пайшла ж то сястрыца, як пайшла ж то худая

 

Да скрозь ночаньку двору,

 

Як крыкнула, гукнула тонкім, громкім голасам,

 

Маладзенькім посвістам:

 

— Ох вы, серыя воўкі, раздрыгайце ж вы мяне

 

А па чыстаму полю, па шырокай даліне!

 

Як зачула сястрыца, ды й на ложы лежучы:

 

— Уставайці-тка, братцы, вы сядлайце-ка коней:

 

Ета ж нашую сястрыцу серыя воўкі з'елі

 

Па чыстаму полю, па шырокай даліне.

 

 

 

851. Гарэцкі, Ягораў, с. 134—135, № 275. Зап. М. Гарэцкі ў 1926 г. у в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р. ад Просі Гарэцкай, 66 г. Піліпаўскія, як самыя марозы.

 

 

 

Ты дуброва, дуброва,

 

Дубровачка зялёная. [Кожная страфа паўтараецца двойчы.]

 

 

 

Ах, і што ж ты, дуброва,

 

А не родзіш нічога?

 

 

 

Не зрадзіла дуброва

 

А ні хмелю, ні ячменю,

 

 

 

А зрадзіла дуброва

 

Густы ельнік ды бярэзнік.

 

 

 

Каб жа там, па ельнічку,

 

Ды два брацінькі гулялі.

 

 

 

Ды два брацінькі гулялі,

 

Яны брусейка цясалі.

 

 

 

Яны брусейка цясалі,

 

Святлічаньку будавалі.

 

 

 

Яны думалі — святліца,

 

Ажно цёмная цямніца.

 

 

 

— Вот цяпер жа мы, брацец,

 

Навек з табой запрапалі.

 

 

 

А й не будзем, брацец, знаці,

 

Калі зіма, калі лета.

 

 

 

А й не будзем, брацец, знаці,

 

Калі свят дзень, калі будні.

 

 

 

А па том зіму зналі,

 

Што залезы прыставалі.

 

 

 

А па том лета зналі,

 

Што зязюлі кукавалі.

 

 

 

А й па том ночку зналі,

 

А што пеўні ўспявалі.

 

 

 

А й па том свят дзень зналі -

 

Ува ўсе званы зазванілі.

 

 

 

852. Гарэцкі, Ягораў, с. 52, № 130. Зап. М. Гарэцкі ў 1926 г. у в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р. ад Просі Гарэцкай, 66 г. Спявалі ў Піліпаўку, як пралі.

 

 

 

Ах, і дай, божа,

 

Нам Каляд дажыць,

 

 

 

Лёлі-лёлі,

 

Нам Каляд дажыць. [Прыпеў “Лёлі-лёлі” паўтараецца з другім радком кожнай страфы.]

 

 

 

Нам Каляд дажыць,

 

Святак вечароў.

 

 

 

А пайшоў бы я

 

Ды й на йгрышчыка.

 

 

 

Паскакаў бы я

 

З тою дзеўкаю.

 

 

 

З тою дзеўкаю

 

Чарнаброўкаю:

 

 

 

Ах, і стану я

 

Ды паслухаю:

 

 

 

Ці стучыць зямля,

 

Ці гручыць зямля,

 

 

 

Ці вязуць нашу

 

Свет-кастромачку.

 

 

 

Свет-кастромачку,

 

Чарнабровачку.

 

 

 

853. АІМЭФ, ф. 13, воп. 9, спр. 8, л. 57. Зап. А. С. Емяльянаў у 1960 г. у в. Цяцерын Бялыніцкага р. ад Вольгі Андрыенка, 1885 г. н.

 

 

 

А Калядачкі, барджэй, барджэй,

 

А нам Піліпаўка надакучыла,

 

Усім жывоцікі перамучыла,

 

 

 

А ўжо ж жамеры зубы праелі.

 

А каб Калядак нядзель дзесятак,

 

Піліпаўкі каб адзін дзянёк,

 

I то каб адзін святы вечарок.

 

 

 

854. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 8, сш. 2, л. 23. Зап. А. I. Гурскі ў 1968 г.

 

у в. Хатовіш Клімавіцкага р. ад Агаф'і Атаманавай, 65 г.

 

 

 

Дай, божа, нам Каляд даждаць,

 

Лёлі-лёлі, нам Каляд даждаць. [Прыпеў “Лёлі-лёлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

 

Ці не пойдзем на йгрышча гуляць,

 

Ідзем, ідзем ды паслухаем,

 

Ці гудуць гуслі, ці йграюць скрыпкі,

 

Ці скачуць дзеўкі-чарнабрыўкі.

 

 

 

855. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 106, сш. 2, л. 42—43. Зап. М. Я. Грынблат у 1967 г. у в. Каўшова Мсціслаўскага р. ад Аўгінні Маханьковай, 60 г.

 

 

Ручайка — адзінка вымярэння пражы; пэўная колькасць пражы, наматанай на верацяне.

 

Начлежачкі — тут: попрадкі.

 

 

 

Каб даў божачка,

 

Нам Каляд даждаць.

 

 

 

Люлі-люлі, нам Каляд даждаць. [Прыпеў “Люлі-люлі” паўтараецца з другім радком кожнай страфы.]

 

 

 

Нам Каляд даждаць,

 

Святых вечароў.

 

 

 

Як пайшлі ж бы мы

 

Ды ў начлежачкі,

 

 

 

Як напралі б мы

 

Па ручаечцы.

 

 

 

856. Гілевіч, 1974, с. 11. Зап. у в. Пагарэлка Валожынскага р. ад Уладзіславы Адамовіч, 55 г.

 

 

 

У дубнічку стрынаткі,

 

Недалёчка Калядкі.

 

Пайшла служка скачучы,

 

А пан за ёй — плачучы:

 

— Вярніся, служка, вярніся,

 

Яшчэ на гадок найміся.

 

— Каб ты, панок, не даждаў,

 

Як ты мною пасылаў.

 

На святога Сцяпана

 

Вышэй сяду за пана.

 

На святую Гаспожку

 

Вышэй сяду за кошку.

 

Народны каляндар

<<  Красавіка 2021  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
     1  2  3  4
  5  6  7  8  91011
12131415161718
19202122232425
2627282930