ЯРЫННЫЯ

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 526 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.7%UNITED STATES UNITED STATES
25.6%CHINA CHINA
5.4%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
5.1%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
ЯРЫННЫЯ

 

658. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 59, сш. 1, л. 45. Зап. А.Емяльянаў у 1972 г. у в. Балоціна Верхнядзвінскага р. ад Еўдакіі Альшэўскай, 71 г.

 

А ў цёмным лесе, [Кожны радок паўтараецца.]

Люлі, рана, мядзведзь рыкаіць.

 

Мядзведзь рыкаіць,

Люлі, рана, дзевак пужаіць.

 

Рыкай не рыкай,

Люлі, рана,— я не баюся.

 

Толькі ж баюся,

Люлі, рана, асенняй ночкі:

 

Асенняя ночка,

Люлі, рана, цёмна, вяліка.

 

Яна разлучыць,

Люлі, рана, з айцом і мамкай.

 

Яна прылучыць,

Люлі, рана, к чуж-чужаніну,

 

К чуж-чужаніну,

Люлі, рана к свёкру, свякроўцы.

 

659. Шейн. Бел. песни, с. 198. Зап. у м. Чашнікі ад Каткевічоўны.

 

Ай, у бару цецярук балбочыць,

А ён з бору ляцеці не хочыць:

Ай, у бару ягодкі салодкі,

У крыніцы вадзіца сцюдзёна.

Гапулька ад маткі ісці не хочыць:

У матулькі позняе ўставанне,

У матулькі ранняе ўкладанне,

А ў матулькі гладкае часанне,

У матулькі бела ўмыванне,

У матулькі ранняе сняданне.

У свякраткі такога не будзіць:

У свякраткі позняе ўкладанне,

У свякраткі ранняе ўставанне,

У свякраткі не бела ўмыванне,

У свякраткі не гладка часанне,

У свякраткі позняе сняданне.

 

660. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 28, сш. 2, л. 1. Зап. А. Ліс у 1970 г. у в. Адамчукі Вільнюскага р. ад А. Янкоўскага, 1903 г. н.

 

Там пад борам-лесам

Там мядзведзь рыкае,

Цёмна, позна,

Там мядзведзь рыкае.

 

У маладой малодкі

Свякроўка ліхая,

Цёмна, позна,

Свякроўка ліхая.

 

Я таму мядзвёдку

Саладзін падкіну,

Цёмна, позна,

Саладзін падкіну.

 

Я сваю свякроўку

Пярынай прыкрыю,

Цёмна, позна,

Пярынай прыкрыю.

 

Няхай той мядзвёдка

Саладзіны смокча,

Цёмна, позна,

Саладзіны смокча.

Хай мая свякроўка

Пад пярынай квокча,

Цёмна, позна,

Пад пярынай квокча.

 

661. Гілевіч, 1974, с. 294. Зап. Л. Гайчук і Л. Дубовік у в. Жасціннае Лагойскага р. ад Альжбеты Гатаўка, 59 г.

 

Вядзьмедзька кару дзярэць,

Вядзьмедзька кару дзярэць.

Дзяўчына ваду бярэць,

Дзяўчына ваду бярэць.

— Вядзьмедзька, нашто кара,

Вядзьмедзька, нашто кара?

Дзяўчынка, нашто вада,

Дзяўчынка, нашто вада?

— Карою хатку крыці,

Карою хатку крыці,

Вадою лаўкі мыці,

Вадою лаўкі мыці.

Хатку крыці — зімаваці,

Хатку крыці — зімаваці.

Лаўкі мыці — сватоў ждаці.

 

662. АІМЭФ, ф. 13, воп. 9, спр. 8, л. 80. Зап. А. Емяльянаў у 1958 г. у в. Грабёл Расонскага р. ад Алесі Бутровай, 1910 г. н.

 

А на гарэ дзеўка пшонку жне.

— Сцеражыся, дзеўка, тучка йдзе.

— А я гэтай тучкі не баюся:

Гэта тучка — свякроў мая,

А добры дожджык — дзевер мой,

А буйны вецер — свёкар мой.

 

663. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 119, сш. 3, л. 39. Зап. А. Ліс у 1976 г. у в. Селяўцы Маладзечанскага р. ад Зосі Зянько-Пачыкоўскай, 1893 г. н.

 

— Да ўзыдзі, ўзыдзі,

Ясен месячка,

Як млыновае кола.

Выйдзі, дзяўчына, выйдзі маліна,

Да прамоў ка мне слова.

— Рада я выйсці, пагаварыці —

Мне тваё слаўцо міла,

Усе людзі судзяць, усе гавораць,

Каб цябе не любіла.

Да няхай судзяць, да няхай гавораць,

Хоць па ўсім белым свеце,

А я, малада, ў сваёй мамачкі,

Я у ружовым цвеце.

 

664. Шейн. Бел. песни, с. 201. Зап. у м. Чашнікі ад Каткевічоўны.

 

Хадзіла дзеванька

Каля рэчанькі,

Крыкнула, гукнула

Перавознічку.

Адклікнуўся, адгукнуўся

Яе міленькі:

— Я ж к табе, мілая,

Чаўнаком плыву.

— На тваім чаўночку

Я не плавала.

— Я ж табе, мілая,

Масты машчу.

— Па тваім масточкам

Я не хадзіла.

— Я ж табе, мілая,

Конікаў пашлю.

— На тваіх коніках

Я не ездзіла.

— Я ж табе, мілая,

Баяроў пашлю.

— З тваімі баярамі

Я не знаюся.

— Я ж к табе, мілая,

Сокалам ляту.

— Я ж к табе, мілы мой,-

Перапёлачкай.

 

665. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 19, сш. 1, л. 38. Зап. М. Шушкевіч у 1969 г. у в. Фядоры Столінскага р. ад Дар'і Туцкай, 1906 г. н.

 

Гой, у полю, у полю

Дубочак стаяў,

Гой, а пад тым дубочкам

Ячмень малоцяць.

Гой, а паверху дубочка

Саломка ляціць,

Гой, па той бок дубочка

Рэчанька бяжыць.

А на той рэчаньцы

Лодачка плывець,

А ў той лодачцы

Малодчык сядзіць,

А чэша ён кудры

Чыстым грабянцом,

Кідае прачосы

На быстру воду.

— Плывіце, прачосы,

Да майго роду.

Там мая мілая

Хусціны мые,

Ужо мае прачосы

Здаўні пазнае.

Вы, мае прачосы,

Накажыце мне,

Ці тужа, ці плача

Мілая па мне.

— Няхай па табе тужа

Човен да вясло,

Штоб майго мілога

Далей занясло.

Няхай па табе тужа

Човен да вада,

Не я буду плакаць

Па табе, малада.

 

666. Шырма, 3, с. 229—230. Зап. у 1929 г. у в. Пясчанікі Беластоцкага п. ад Параскі Грыцук.

 

Ой, заржы, заржы, вараны коню,

Рана з падвор'я йдучы,

Ці не пачуе млода дзяўчына,

Ў саду вяночка ўючы.

 

Конічак іржаў, аж явар дрыжаў,

Дзяўчынанька пачула.

Яна пачула, цяжка ўздыхнула,

Жаласна заплакала:

 

— Чаму не прыйшоў ці не прыехаў,

Як я табе казала?

Ці каня не меў, ці дома не быў,

Ці маці не пускала?

 

— А я дома быў і коніка меў,

Мяне маці пускала,

Меншая сястра, бадай не ўзрасла,

Сядзёлачка схавала:

 

«Не едзь, Ясенька, не едзь, брацейка,

Да тае дзяўчынанькі —

Не ўмее жаці, ні вышываці,

Толькі косу часаці».

 

— Расці ты, каса, хоць да пояса,

Буду цябе часаці,

Ці не пакіне а мой Ясенька

Мяне верна кахаці!

 

667. Шырма, 3, с. 241. Зап. у 1929 г. у в. Пясчанікі Беластоцкага п. ад Параскі Грыцук.

 

Ой, там на гарэ,

На белай крамяніцы,

Там танцавалі

Дзеванькі, маладзіцы.

 

А паміж імі

Малады Яся ходзіць,

Сваю Касеньку

За белу ручку водзіць.

 

— Мая Касенька,

Не ганьбуй жа ты мною,

Мы жыць будзема,

Як галубочкаў двое!

 

— Рада б я была

Табою не ганьбіці,

Але будзе мяне

Мая матанька біці!

 

— Я твае маткі

Не вельмі-то баюся,

Кіну шапку да ног

Да вазьму пакланюся!

 

Мая шапачка —

Яна не дарагая,

За сто таляроў,

Дзеванька маладая!

 

668. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 50, сш. 3, л. 3—4. Зап. Г. Барташэвіч у 1971 г. у в. Груздава Пастаўскага р. ад П. Крывенькі, 1916 г. н.

 

— Ой ты, сіненькі галубочак,

Дзе бываў, лётаў далёка,

Дзе бываў, лётаў далёка?

Да ці быў жа ж ты на моры?

Ой, ці быў жа ты на моры,

На сінюсенькім азёры?

Да ці быў жа ж ты на азёры,

Да ці відзеў жа ж ты галубку?

— За малым, малым не відзеў,

За малюсенькім не бачыў.

Як я на моры ўзляцеў,

Дык яна ў трысцё пала.

А яна ў трысцё ўпала,

А за ёй вада шугала.

— Маладзенькі малойчык,

Дзе бываў, ездзіў далёка,

Дзе бываў, ездзіў далёка?

Да ці быў жа ж ты ў цешчы?

Ой, ці быў жа ж ты ў цешчы,

Ці відзеў жа ж ты паненку?

Да ці відзеў ты паненку,

Маладзенькую Паўлінку?

— За малым, малым не відзеў,

За малюсенькім не бачыў.

Як я на падвор'е ўз'ехаў,

Дык яна ў камору пайшла.

А на ёй жа сукні шалясцелі,

А па ёй хлопцы аж млелі.

А на ёй ленты-лілеі,

Бо яе хлопцы жалелі.

 

669. Сахараў, 4, с. 701. Зап. у в. Вайцюлева Даўгаўпілскага п. ад Ф. Невяроўскай.

 

А пшанічка — ярыца, ярыца,

А Юзэтка — п'яніца, п'яніца,

А Агатка міленька, міленька,

Прытулілася блізенька, блізенька.

Як мы будзем туліцца, туліцца,

А людзі скажуць: любіцца, любіцца.

А пад мастом рыба з хвастом,

Вадзіца лілее, лілее,

А Агатка прасці не ўмее, не ўмее,

Шыць, мыць — не наўчыць, не наўчыць,

А жаць не прыгнецца, не прыгнецца,

Як увідзіць Юзэтку,

Так і прыхінецца, прыхінецца.

 

670. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 77, сш. 4, л. 33. Зап. В. Бурносаў у 1962 г. у в. Зелянкова Бялыніцкага р. ад Івана Немыцькова.

 

А каля лугу, лугу [Кожны радок паўтараецца.]

Там старэнечкі ходзіць,

Сухое дуб'ё ломіць,

Пра сваю старасць мовіць:

— А старасць мая, старасць,

Запрадаў бы я цябе —

Ніхто не купляець.

А каля лугу, лугу

Маладзюсенькі ходзіць,

Сырое дуб'ё ломіць,

Пра сваю маладосць мовіць:

— Маладосць мая, буйнасць,

Прыкупіў бы я цябе —

Ніхто не прадаець.

671. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 79, сш. 2, л. 40. Зап. А. Гурскі ў 1963 г. у в. Ракаўцы Смаргонскага р. ад Н. Ярошка, 1895 г. н.

 

Журавы лятуць,

Палудзень нясуць —

Будзем мы палуднаваць.

Журавы селі,

Палудзень з'елі —

Нечага палуднаваць.

Мамачка ідзе,

Палудзень нясе —

Будзем мы палуднаваць.

 

672. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 71, сш. 4, л. 3. Зап. В. Іваноўская ў 1961 г. у в. Лунін Лунінецкага р. ад групы дзяўчат.

 

Ападае лісточак

На жоўты пясочак,

Дзевачцы да на вяночак.

 

673. Шлюбскі, с. 165. Зап. У. Пціцын у 1896 г. у в. Пышнікі Полацкага п.

 

— Авясец, мамухна,

Авясец!

А калі ж чорт сватоў

Прынясець?

— Пачакай, дачушка,

Пажнёмся,

Тады мы сватоў

Даждомся.

Мы ім вячэрку

Згатуем

Да сваіх сваточкаў

Участуем.

Купленая гарэлка

На куце,

Грыбіны пірог

На стале,

Пражоная яешня

У вагню.

 

674. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 54, сш. 1, л. 42. Зап. С. Асташэвіч у 1972 г. у в. Балоціна Верхнядзвінскага р. ад Аўдоцці Альшэўскай, 71 г.

 

Па старанах дажджы ідуць,

А ў нас не, [Кожныя два радкі паўтараюцца.]

К чужым дзеўкам сваты едуць,

А к нашым не.

Прайдзець восень, прыедзець восем

I к нам.

 

675. ІРЛІ, ф. 40, спр. 1, л. 131. Зап. М. Зубаў у 1906 г. у в. Мікулічы Клімавіцкага п.

 

А ўжо восені прыходзіць,

Жодзін па сабе знаходзіць:

Жоднаму дразду па гнязду,

Жоднай перапёлке па яйцу,

Жоднаму мальчыку па дзеўке.

Нашаму аднаму Івану дзеўкі нет.

Пасодзім яму удаву —

Завязаную галаву.

Паложым мы аўсяны сноп,

Няхай ён есць, як белка,

Няхай плачыць, як дзеўка.

 

676. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 48, сш. 1, л. 17. Зап. А. Гурскі ў 1960 г. у в. Багашча Сіроцінскага р. ад Ганны Кандрацьевай, 67 г.

 

Восень, восень!

Сватоў па восем,

Ка мне ніводнага,

Ка мне ніводнага,

Нет нікога роднага.

 

677. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 20, сш. 2, л. 18. Зап. Г. Барташэвіч у 1964 г. у в. Ледневічы Сенненскага р. ад Ганны Цывы, 1922 г. н.

 

Ай, восень, восень, макрота, [Кожны радок паўтараецца.]

Дзецюкам жаніцца ахота,

Дзевачкам ісці няволя.

Заняволіла субота —

Усё й татулькава работа.

 

678. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 93, сш. 1, л. 33. Зап. К. Кабашнікаў у 1964 г. у в. Ледневічы Сенненскага р. ад Г. Азаронак і К. Лабецкай.

 

Не ранься на дварэ, не ранься, [Кожны радок паўтараецца.]

Не голься, Лявонька, не голься

Усё й на русыя валасы,

Усё й на громкія галасы,

Усё й на белае лічанька.

Русыя валасы счэшуцца,

Громкія галасы зменюцца,

А белае лічанька змыецца.

Тады табе, маладому, жаль будзець,

Што ў Евы красы не будзець.

 

679. АІМЭФ, ф. 8, воп. 77, спр. 136, сш. 2, л. 19. Зап. А. Ліс у 1977 г. у в. Вётхава Смаргонскага р. ад Алены Ліс, 1907 г. н.

 

Дробна пташачка, невялічкая

Па ляшчыначцы скача,

Малада дзяўчына, неразумная

Па малойчыку плача.

— А ні я плачу, а ні я тужу —

Самі слёзы ліюцца,

Што ад мілага лісточкаў няма,

Ад нямілага шлюцца.

Хоць вы шліціся, хоць не шліціся,

Я ўжо ваша не буду,

Каму падала ручку белую,

Таго век не забуду.

 

680. АІМЭФ, ф. 79, спр. 164, сш. 3, л. 14. Зап. А.Ліс у 1979 г. у в. Калодчына Вілейскага р. ад. Л.Гамолка, 1913 г.н.

 

— Да ўсё хмарачкі да па парачцы,

Адна хмарачка — розна,

Да не сварыся, мая мамачка,

Што я гуляю позна.

А хоць сварыся ці не сварыся,

Ты мяне не навучыш,

Да каго люблю, за таго пайду,

Ты ж мяне не разлучыш.

Да пі, мамачка, да тую вадзіцу,

Да што я нанасіла,

Хоць нялюбы зяць, хоць нялюбы зяць,

Ну ж я яго палюбіла.

— Не буду піці, не буду піці,

Не буду разліваці,

Хоць нямілы зяць, хоць нямілы зяць,

Не буду разлучаці.

 

681. Гілевіч, 1974, с. 292. Зап. М. Банькоўская ў в. Кулікова Мядзельскага р.

 

За гарою калінка буяіць,

За другою — дзяўчынка гуляіць.

— Гуляй, дзеўка, цябе маці кліча.

— Няхай кліча, я знаю нашто:

Хоча маці за старога аддаці.

Я старога здаўна не любіла,

У тыдні тры дні ўсё дымам паіла,

За вароты сабакамі правадзіла,

У яго след камень пакаціла.

За гарою калінка буяіць,

За другою — дзяўчынка гуляіць.

— Гуляй, дзеўка, цябе маці кліча.

— Няхай кліча, я знаю нашто:

Хоча маці за роўніцу аддаці.

А я роўніцу здаўна любіла,

У тыдні тры дні ўсё віном паіла,

За вароты з скрыпкамі правадзіла,

У яго следзік персцень пакаціла.

 

682. Гілевіч, 1974, с. 298. Зап. Р. Цішурава ў в. Вугляны Круглянскага р. ад Ганны Ярковіч.

 

Ой, зара мая несхадзімая,

Ой, ля-лё, рана, несхадзімая,

За што я ў таткі нешчаслівая.

Ой, ля-лё, рана, нешчаслівая.

З церама йдучы, ўцярала ключы,

Ой, ля-лё, рана, ўцярала ключы.

А прызнайцеся: хто за мной ішоў,

Ой, ля-лё, рана, хто за мной ішоў?

Хто за мной ішоў, ключыкі знайшоў,

Ой, ля-лё, рана, ключыкі знайшоў?

Калі маленькі — братцам назаву,

Ой, ля-лё, рана, братцам назаву.

Калі старэнькі — таткам назаву,

Ой, ля-лё, рана, таткам назаву.

Калі роўніца — то замуж пайду,

Ой, ля-лё, рана, і з ім жыць буду.

 

683. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 119, сш. 3, л. 48. Зап. А.С.Ліс у 1976 г. у в. Гудоўшчына Маладзечанскага р. ад Ганны Філон, 1936 г.н.

 

— Досіць, каліна чырвоненькая,

Табе ў лузе стаяці,

Цябе, каліну чырвоненькую,

Пташачкі абклявалі.

Не так пташачкі, не так пташачкі,

Як малыя пташаняткі,

Прылятуць — клююць, палятуць — клянуць:

Ягадкі не салодкі.

Цябе, дзевачка маладзенькая,

Усе суседкі абсмяялі.

Не так суседкі, не так суседкі,

Як суседнія дзеткі,

Прыйдуць — пабудуць, пойдуць — абмовяць:

Дзевачка нехароша.

— Да няхай судзяць, няхай гавораць,

Да я іх не баюся.

Восень прыжду, я замуж пайду

Да я з іх пасмяюся.

 

684. АІМЭФ, ф. 8, воп. 79, спр. 164, сш. 3, л. 11. Зап. А.Ліс у 1979 г. у в. Калодчына Вілейскага р. ад Лізаветы Філістовіч, 1911 г.н.

 

Ластаўка-белакрылка,

Не лятай па гародзе:         2

На цябе сакол глядзіць

Да з высокага дубу,            2

Да з зялёнага лугу.

Ен цябе ўхапіць хоча,

Ухапіць хоча, паляцеці     2

У сваё гняздзечка.

Малада дзяўчыначка,       2

Не хадзі па рыначку:

На цябе хлапец глядзіць  2

Да з высокага ганку.

Ён цябе узяць хоча,

Узяці, паехаці                      2

У сваю дзярэўнечку,          2

У сваю сямеечку.

 

685. АГТ, р. 4, воп. 1, клц. 9, л. 12. Зап. А. Любінскі ў 1840-1850 гады у м. Новы Пагост Дзісенскага п.

 

Да й там на рэчцы, на зыбкай кладцы,

Рана, рана, на зыбкай кладцы,

Да й там Ганулька кубачкі мыла,

Рана, рана, кубачкі мыла.

Кубачкі мыла, ў Дунай пушчала,

Рана, рана, ў Дунай пушчала:

— Плывіце, кубачкі, к таму беражку,

Рана, рана, к таму беражку,

К таму беражку, к свёкарку майму,

Рана, рана, к свёкарку майму.

У нядзельку рана сама там буду,

Рана, рана, сама там буду.

Сама там буду, наліваць вас буду,

Рана, рана, наліваць вас буду.

Сваіх госцікаў частаваць з вас буду,

Рана, рана, частаваць з вас буду.

Мае кубачкі да паўнюсенькі,

Рана, рана, да паўнюсенькі,

Мае гасцінцы да сыцюсенькі,

Рана, рана, да сыцюсенькі.

 

686. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 52, сш. 2, л. 45. Зап. Л. Салавей і П. Каруза ў в. Якубоўшчына Верхнядзвінскага р. ад М.Малец, 1906 г.н.

 

Пушчу я паву,

Рана-рана, па Дунаёчку,

А сама пайду,

Рана-рана, па беражочку.

А ці не ўвіджу,

Рана-рана, таткавы сені,

Таткавы сені,

Рана-рана, новыя дзверы?

Па гэтых сенях,

Рана-рана, мне не хадзіці.

Пушчу я паву,

Рана-рана, па Дунаёчку,

А сама пайду,

Рана-рана, па беражочку.

А ці не ўвіджу,

Рана-рана, свёкравы сенцы,

Свёкравы сенцы,

Рана-рана, старыя дзверцы?

Па гэтых сенцах,

Рана-рана, па іх хадзіці,

Па іх хадзіці,

Рана-рана, у свёкра жыці.

 

687. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 82, сш. 1, л. 7. Зап. Г. Барташэвіч у 1963 г. у в. Лебедзева Маладзечанскага р. ад Елізаветы Сарока, 72 г.

 

— Ах ты, вутачка-пераплывачка,

Ты цяпер на Дунаю,

Як пераплывеш сіне мора,

Там цябе невад злове.

Ах ты, дзевачка маладзенькая,

Ты цяпер у матулькі,

А як пойдзеш да свякрованькі,

Там цябе гора пойме:

Ані шчэпачкі, ні лучынкі,

Нечага заламіці,

Ані брацейкі, ані сястрыцы,

Няма з кім гаварыці.

— Замочкі мае путраныя [Так у публікацыі; параўн. у №№ 704 і 743 “нутраныя” – А.Л.]

Са мной гаварыць будуць,

А пярсцёнкі мае залаценькія

Дарожку свяціць будуць.

 

688. Tyszkiewicz, с. 331. Зап. у Барысаўскім п.

 

Да гуляй, шчука-рыбачка, у сінім моры,

Як жа ты пойдзеш на лугі, рэкі, не будзеш гуляць:

Уловяць цябе маладыя рыбаловы

Да знімуць з цябе залатую лускавіцу,

Пакроюць рыбачку на стальніцы,

Вынесуць рыбачку у святліцы.

Згатуюць рыбачку маладыя кухары

Да з'ядуць цябе панове-сенатарове.

Да гуляй, гуляй, Агатка, у роднага таткі,

Пойдзеш к чужому,

Да не радному,

Не будзеш гуляць.

У свайго татачкі крутыя горы,

Да гуляла па волі,

А ў чужога ўсё поле роўна,

Да гуляць не вольна.

У свайго таткі штодзень

Галоўка ў вяночку,

А штонядзелю ў таночку,

А ў чужога татачкі

Будні дзень у рабоце,

А святы ў балоце.

 

689. Сахараў 1, с. 63. Зап. В. Слосман у в. Александрова Даўгаўпілскага п. ад Юсты Тарлецкай.

 

Гуляй, гуляй, шчука, плаціца,

Пакуль цёпла вадзіца!

Маразы удараць, возеры стануць — гуляць не будзеш.

Гуляй, гуляй, малада дзеванька,

Пакуль у роднай маманькі!

Як у людзі пойдзеш, работку зададуць —

Гуляць не будзеш.

Цябе, маладу, пашлюць па ваду,

Самі сядуць абедаць.

Горы — высокі, воды — далёкі, на абед не паспееш.

Прынясеш вады для сваёй бяды,

Кожнаму трэба даць піць:

Дасі старому, дасі малому і мужаньку маладому.

Дадуць кусочак, пайдзеш у куточак —

Тут твой абед будзе.

 

690. Гілевіч, 1974, с. 292.

 

Ходзіць вутачка па сенажаці,

Крыльцамі размахае,

А за ёй, за ёй сель-селязенчык

На крыльцо наступае:

— Пастой, вутачка, пастой, шэрая,

Мы з табой пагаворым.

Да робяць сеткі на твае дзеткі

I на цябе самую.

— Ды няхай робяць, няхай не робяць —

Яны ж нас не паловяць:

Я ў сець увайду і сець прайду,

А сама ўплаў пайду,

Свае дзетачкі, свае дробныя

У асаку пахаваю.

 

691. Гарэцкі, Ягораў, с. 108. Зап. у в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р. На постаці, увосень.

 

Не лятай ты, ластаўка,

Рана па зары,

Не співай ты, ластаўка,

Раннія расы!

Не ездзі ты, татухна,

Часта на таргі,

Не прапі ты, татухна,

Мяне, малады.

А прапі ты, татухна,

Варанога каня.

Варанога коніка

За год забудзеш,

Мяне, маладзенькі,

Век не забудзеш.

 

692. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 77, сш. 1, л. 43-44. Зап. К.Кабашнікаў у 1962 г. у в. Старыя Дзятлавічы Гомельскага р. ад Марыны Стрыжанковай, 1908 г.н.

 

Высокае ў лесе дрэва яліна была,

Яліна была,

Усяму лугу зялёнаму загуду дала,

Загуду дала.

Харошая дзяўчына ў таткі была...

— Распрадай жа, мой татачка,

Свой зялёны сад

Да спраў жа; мой родненькі,

Дзявоцкі нарад.

Як пасею чарнабрыўца

Цэлую граду,

Вы расціце, чарнабрыўцы,

Да не буяйце,

Як выйду ўвосень замуж,

Дак вы і завяньце.

 

693. Gawrońska, c. 36—37. Зап. на Дзісеншчыне.

 

Ой, пры Дунаю пры ціхусенькім,

Ой, позна, позна, пры ціхусенькім

 

Млода Варуська кубачкі мыла,

Ой, позна, позна, кубачкі мыла,

 

Кубачкі мыла, вянка забыла,

Ой, позна, позна, вянка забыла.

 

— Да хто паедзе па мой вяночак,

Ой, позна, позна, па мой вяночак?

 

Татулька кажыць: «Я не паеду,

Ой, позна, позна, я не паеду,

 

Я не паеду, каня не маю,

Ой, позна, позна, каня не маю,

 

Каня не маю, вянка не знаю,

Ой, позна, позна, вянка не знаю».

 

Франучок кажыць: «Я сам паеду,

Ой, позна, позна, я сам паеду.

 

Коніка маю, вяночак знаю,

Ой, позна, позна, вяночак знаю».

 

694. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 90, сш. 2, л. 20. Зап. Г. Барташэвіч у 1964 г. у в. Ледневічы Сенненскага р. ад Ганны Цывы, 1922 г. н.

 

Затужылася Евачка, [Кожны радок паўтараецца.]

Што рана восень настала,

Рутая мятачка завяла,

Не з чага маладзе вянкі звіць,

На галовачку ўзлажыць.

Зачуў тое Лявонька:

— Не клапаціся, Евачка,

Я ўчора на таргу пабываў,

Я ж табе вяночак старгаваў,

А з руты, з мяты зялёны,

З чырвоненькае каліны.

 

695. АГТ, р. 4, воп. 1, клц. 9, л. 13—14. Зап. А. Любінскі ў м. Новы Пагост Дзісенскага п.

 

Ой, лесам, лесам сонейка йграець,

Рана, рана, сонейка йграець.

Іванка спяшаець, каня сядлаіць,

Рана, рана, каня сядлаіць.

Яго матулька яго пытаіць,

Рана, рана, яго пытаіць:

— Куды ж ты, Іванка, куды паедзеш,

Рана, рана, куды паедзеш?

— Да я паеду, матулька, жаніцца,

Рана, рана, матулька, жаніцца.

— Не выбірай, дзіцятка, дзеўкі на йскрыпцы,

Рана, рана, дзеўкі на йскрыпцы:

На йскрыпцы, дзіцятка, дзеўкі хваслівы,

Рана, рана, дзеўкі хваслівы,

Выбірай, дзіцятка, выбірай на ніўцы,

Рана, рана, выбірай на ніўцы,

На ніўцы, дзіцятка, дзеўкі руплівы.

 

696. Сахараў, 1, с. 50. Зап. Г. Нікіфароўскі ў в. Мельнікі Лудзенскага п. ад Г. Хомчанка. Ярынная.

 

Ты, ярынка, ярыся ў полі,

Ай, люлі, рана, ў полі. [Прыпеў паўтараецца з другой часткай кожнага радка.]

Ты, Пётранька, жаніся ў доме!

Не выбірай дзевачак на рынку,

Да выбірай дзевачак на ніўкі:

Да на рынку дзевачкі хваслівы,

А на ніўкі дзевачкі праўдзівы.

У каторай постацька шырэй,

У каторай снапочкаў часцей,

У каторай галоўка гладзей,

У каторай кашулька бялей.

У Надзенькі постацька шырэй,

У Надзенькі снапочкаў часцей,

У Надзенькі галоўка гладзей,

У Надзенькі кашулька бялей.

 

697. АГТ, ф. 53, воп. 1, спр. 110, л. 95. Зап. у 1-й пал. XIX в.

 

Ой, я табе, татулька, з вясны гаварыла:

«Не дзяры барку, не сей лянку —

Да некаму палоць будзе».

Ой, я табе, свёкратку, з вясны гаварыла:

«Надзяры барку, насей лянку —

Я к табе прасці прыйду».

 

698. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 73, сш. 5, л. 5—6. Зап. А. Ліс у 1974 г. у в. Лістапады Валожынскага р. ад Марыі Станкевіч, 1909 г. н.

 

У садочку ў халадочку

Салавейка шчабеча,

У новым ганачку,

Ў залатым крэсле

Дзевачка коску чэша.

Ой, чэша, чэша, перабірае

I з мамачкай размаўляе:

— Мамачка мая, родная мая,

Чым я стала няміла?

Ці я ў цябе, мая мамачка,

Верненька не рабіла:

Тонка не прала,

Звонка не ткала

I беленька не бяліла?

Ці табе мілей, мая мамачка,

Зятняя гарэлачка?

Зятняя гарэлачка

Выпіта будзе,

Няма дзевачкі, няма дзіцяці —

I некага пасылаці.

 

699. АІМЭФ, ф. 8, воп. 79, спр. 157, сш. 3, л. 13. Зап. Л. М. Салавей у 1979 г. у в. Сыча Драгічынскага р. ад Алены Лучыц-Федарэц, 1909 г. н.

 

— Макавінка зеляная, [Кожны радок паўтараецца.]

Дзе ты будзеш даспяваці?

— Не даспею на градочцы,

Да даспею ў квяточцы.

— Маладая ты дзевачка,

Дзе ты будзеш дарастаці?

— Не дарасту ў баценька,

То дарасту ў свёкарка,

У свёкарка ў камораньцы

Да й на ціхай размованьцы.

 

700. ЦДАЛМ, ф. 1429, воп. 1, спр. 125, л. 38. Зап. А. Валевіч у 1936 г. у в. Забашавічы Барысаўскага р. ад Т. Расчынскай, 25 г.

 

Бяроза з лістам, белая з лістам

Усю восень шумела:

— Лісточак мой, зеляненькі мой,

Ты ж мяне пакідаеш?

— Не бойся, бяроза, не бойся, белая!

Я ж цябе не пакіну:

Увосень паду, вясной прыйду,

З табой шумець буду.

Дзевачка з мамкай, маладая з мамкай

Ночачку гаварылі:

— Дачушка мая, мілая мая,

Ты ж мяне пакідаеш?

— Не плач, мамачка, не плач, родная,

Я ж цябе не пакіну:

У нядзелю паеду, у другую прыеду,

З табой гаварыць буду.

 

701. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 63, сш. 2, л. 40. Зап. А. Гурскі ў 1961 г. у в. Жыцькава Барысаўскага р. ад А. Круглік, 1904 г. н.

 

А віхор каліну паламаў, [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

А на ціхі Дунай кладку гнаў.

Там ішоў Ванька з абою,

Вёў сваю дзевачку з сабою.

— Хадзі, мая дзевачка, са мною.

— Баюся з табою, баюся:

Гібкая кладачка — увалюся,

Глыбокая рэчка — утаплюся.

 

702. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 67, сш. 90. Зап. В. Пухнатава ў 1969 г. у в. Лют-Буда Краснапольскага р. ад Е. Пухнатавай, 45 г.

 

Халодная восень наступае,

Не йдзі, дзеўка, замуж маладая.

З бел бярозкі лісток ападае,

Будзе твая долечка благая:

Будзе ў цябе свякроўка ліхая,

Будзе ў цябе дзевярочкаў многа,

А роднага не будзе нікога.

 

703. Сахараў, 4, с. 691. Зап. Г. Сахарава ў 1940 г. у м. Краслава Даўгаўпілскага п. ад Юліі Бяляўскай, 76 г.

 

Ішла цяцера з лугоў, з балотаў,

Рана, рана. [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

За ёй суполе ясны саколік:

— Пастой, цяцера, пастой, рабая,

Знімаю табе рабае пер'е,

Жадаю табе саколлі крылля!

— Я не кідаю рабае пер'е,

Я не жадаю саколлі крылля!

Ішла Франуська з хаты на рынак,

А за ёй суполе малады Стасік.

— Пастой, Франусенька, пастой, малада,

Знімаю табе румяны венчык,

Складаю табе шаўковы чэпчык!

— Я не скідаю румяны венчык,

Я не жадаю шаўковы чэпчык!

 

704. Шырма, 3, с. 215. Зап. у 1928 г. у в. Шакуны Пружанскага р. ад Алесі Шырмы.

 

— Ой, не вылятай, сіва зязюлька,

З куточка сенажаці:

Ляцяць сакалы, на цябе глядзяць,

Хочуць цябе узяці.

 

— Ой, няхай ляцяць, ой, няхай глядзяць,

То я іх не баюся,

У вішнёвым саду, у кляновым лісту,

То я там схаваюся.

 

— Ой, не выглядай, малада дзеўка,

З баценькавага двора,

Бо едуць сваты, музыкі йграюць,

Хочуць цябе ўзяці.

 

— Ой, няхай едуць, ой, няхай граюць,

То я іх не баюся,

А ў майго бацькі нова камора,

То я там схаваюся.

 

Нова камора, нова камора,

Замочкі нутраныя,

У майго мілага ўюцца кудзеркі,

Пярсцёнкі залатыя.

 

705. АІМЭФ, ф. 8, воп. 79, спр. 164, сш. 3, л. 12. Зап. А. Ліс у 1979 г. у в. Калодчына Вілейскага р. ад Лізаветы Філістовіч, 1911 г. н.

 

Лятала каза па бярэзнічку,

Летучы, блекатала:

— Каб не той ваўчок — шэранькі бачок,

Я бы тут зімавала:

Ўчора прыляцеў, дзетачак паеў,

А сягоння самую.

Ходзе Манечка ды па рыначку,

Ходзячы, бедавала:

— Каб не Васілька, каб не малады,

Я б у мамкі век векавала:

Ўчора прыехаў, пярынкі забраў,

А сягоння самую.

 

706. АГТ, р. 4, воп. 1, клц. 9, л. 8—9. Зап. А. Любінскі ў 40—50-я гады XIX сг. у м. Новы Пагост Дзісенскага п.

 

На Дунаёчку, рана, рана,

На беражочку

Купаліся, рана, рана,

Два галубочкі.

Скупаўшыся, рана, рана,

Да й паляцелі,

Да летучы, рана, рана,

Да й гаварылі:

— Да дзе мы будзем, рана, рана,

Ноч начаваці?

— Да заначуем, рана, рана,

Хоць у садочку,

Спалюбілі сабе, рана, рана,

Шэру зязюлю.

— Шэра зязюля, рана, рана,

Ляці з намі,

Ляці з намі, рана, рана,

Да з галубамі.

— Рада б я ляцеці, рана, рана,

Жаль саду кінуці:

Да мне ў садочку, рана, рана,

Да ягад даволі —

Есць і каліна, рана, рана,

Есць і маліна.

Да ў Полацку, рана, рана,

На рыначку

П’юць, гуляюць, рана, рана,

Да два малойцы.

Піўшы, гуляўшы, рана, рана,

Да й паехалі.

Да едучы, рана, рана,

Да й гаварылі:

— Да дзе мы будзем, рана, рана,

Ноч начаваці?

— Да заначуем, рана, рана,

Хоць у Марылькі.

Спадманілі сабе, рана, рана,

Маладу Марыльку.

— Малада Марылька, едзь з намі, рана, рана,

З малайцамі.

— Рада б я ехаць, рана, рана,

Жаль таткі кінуці.

Дома ў матулькі, рана, рана,

Негі даволі.

Да мне ў татулькі, рана, рана,

Да хлеб сітовы.

 

707. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 108, сш. 1, л. 14. Зап. М. Гваздзёў у в. Галаўчын Бялыніцкага р. ад Вольгі Хадасевіч, 73 г.

 

— Зялёная дубравачка, [Кожны радок паўтараецца.]

Чаго рана зашумела,

Лісце тваё пажаўцела?

— А як жа мне не шумеці,

Лісцю майму не жаўцеці?

Наехалі злыя людзі,

Злыя людзі татарыны,

Вязлі з сабою татарачку,

Маладую шанкарачку —

Руса каса да паяса,

Чорным шоўкам уплецена,

А золатам пазлочана.

Яны пада мной начавалі,

Вялікі агонь раскладалі.

Таго й рана зашумела,

Лісце маё пажаўцела.

 

708. Каминский Вяч. Белорусы Ново-Александровского уезда // Зап. Воронежского ун-та, вып. 5, с. 743.

 

На моры вутачка купалася,

Яна свайго пер'ечка дзівавалася.

— Пер'ейка ты маё сізенькае!

Ці будзеш сізае на чыстым полі,

Як цяпер сізае на сінім моры?

У каморы дзевачка ўмывалася,

Сваіх белых ручак дзівавалася.

— Ручанькі мае бяленькія!

Ці будзеце белыя ў свякроўкі,

Як цяпер у матулькі?

 

709. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 112, сш. 1, л. 30. Зап. А. Гурскі ў 1967 г. у в. Ланькова Бялыніцкага р. ад Мар'і Краўцовай, 1905 г. н., і Груні Котавай, 73 г.

 

Ой, цёмная, а нявідная ночачка,

Ай, умная, разумная дзевачка.

Пакаціла вінную чару па сталу,

Выпрабавала свайго сужанькі норавы:

Ай, ці настыр, ці п'яніца сужанька,

Ці ўхопіцца ён за вінную чарачку,

Ці схопіцца ён за красную дзевачку?

Умней яе, разумней яе сужанька,

Не схапіўся ён за вінную чарачку,

А схапіўся ён за красную дзевачку.

 

710. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 45, сш. 4, л. 6. Зап. С. Барыс у 1971 г. у в. Вашкава Мінскага р. ад Вольгі Вашкевіч, 1908 г. н.

 

Ой, за гарою да круцяною

Малойчык з радзінкаю

Пісямцо пісаў, да дзевачкі слаў,

Ці скора прыехаці.

— Мой ты малойчык, мой рыбачка,

Пачакай гадзіначку,

Пакуль сазаву, пакуль сабяру

Усю сваю радзіначку.

Ночка маленька, радзіна буйненька —

Не магу сабраці,

Не магу сабраці ды ў рад пасаджаці

Усю сваю радзіначку.

Трэба абабраць самога салавейку

Ды паслаць па радзінку,

А зязюлечку шэраньку —.

Па родную мамачку.

Салавейка ляціць — радзінка ідзе,

Да хвала табе, божа.

Зязюлька ляціць — мамачкі няма,

Ой, мой моцненькі божа.

 

711. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 117, сш. 2, л. 88. Зап. Г. Барташэвіч у 1976 г. у в. Пуцілкавічы Ушацкага р. ад З. Квяцінскай, 1916 г. н.

 

Разгарэлася каліна,

Перад зарою стоячы,

Дробныя іскры ронячы.

А гасіў вецер, не ўгасіў,

Па полі іскры разнасіў.

Расплакалася Алечка,

Перад мамулькай стоячы,

А дробныя слёзкі ронячы.

Унімала мамка — не ўняла

Ды горай жалю задала.

А ўніміць яе дружына —

Уся Колечкі радзіна.

 

712. ААН СССР, ф. 104, спр. 6, л. 4. Зап. К. Нарэйка ў 1886 г. у м. Вязынь Вілейскага п.

 

— Ой, бор-перабор, месячык,

Ці ўсе зорачкі перабраў?

— Адну зорачку спадабаў,

Што яна рана ўсходзе,

Позна заходзе,

Рана ўсходзе — світае,

Позна заходзе — змяркае.

— Ой, бор-перабор, Міколка,

Ці ўсіх дзевачак перабраў?

— Адну Ганначку спадабаў,

Што яна рана ўстае,

Што яна позна кладзецца,

Рана ўстае — чытае,

Позна кладзецца — вышывае,

Ой, мые, шые, васкуе,

Свайму міламу гатуе.

 

713. АІМЭФ, ф. 8, воп. 79, спр. 164, сш. 2, л. 24. Зап. А. Ліс у 1979 г. у в. Мільча Вілейскага р. ад Алены Станько і Ганны Кур'яновіч.

 

Драмліва поле, драмліва,

Да на ягадкі ўрадліва.

Пайшла Ніначка ў ягадкі,

Ой, брала, брала — заснула,

Ехаў Сымонка — не чула,

Махнуў хустачкай — не дастаў,

Кінуў яблычак — не папаў,

Да злез з коніка — пабудзіў:

— Уставай, Ніначка, досіць спаць,

Пара радзінку сабіраць.

 

714. Černy, с. 223. Зап. у 1889 г. у в Каменполле на Дзісеншчыне ад Міхаліны Астукевічанкі.

 

Ды звонкае дзераўца калінка,

Да й люлі, рана, калінка:

Звысоку ляцела — звінела,

На зямельку падучы, шумела.

Разумнае дзіцятка Ганулька:

Не відзеўшы свёкратку, спазнала,

Чыраз столік ручачку давала,

Свёкратку вітала

I ў свёкраткі здароўя пытала:

— Чы здаровы, свёкратка, усе ўдому?

 

715. Шейн. Бел. песни, с. 195.

 

Непраўдзівая каліна казала:

— Цвесць не буду,

Белага цвету не пушчу,

Чырвоных ягадак не ўраджу.

Як вясна прыйшла — зацвіла.

На ёй цвяточык бяленькі,

На ёй ягад паўненька.

Непраўдзівая дзевіца казала:

— Замуж не пайду.

Як восень прыйшла — дак пайшла,

Яна жаніха ўзлюбіла.

Ці ў слядок яго ступала,

Ці хлеба яго скушала,

Што яна яго, маладога, спадабала?

 

716. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 90, сш. 2, л. 19. Зап. Г. Барташэвіч у 1964 г ув. Ледневічы Сенненскага р. ад Ганны Цывы, 1922 г. н.

 

Ай, чый конік пад борам, [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

Увесь золатам укован?

Лявонькаў конік пад борам,

Увесь золатам укован.

Хто ж яму золата надаваў,

Хто ж яму коніка ўкаваў?

Надавалі золата каралі,

Укавалі коніка кавалі

На ўсе чатыры ножанькі,

Каб не баяўся слізгаты

На ўсе чатыры ночанькі.

 

717. Шейн. Бел.песнн, с.199. Зап. у м. Чашнікі Лепельскага п.

 

Каханка дзеванька, каханка,

А ёй косынка кованка,

Не было каваля — раскаваць,

Не было грабянцоў — расчасаць.

Былі кавалі ў дарозе,

А былі грабянцы ў возе.

Прыехалі кавалі

З чужой стараны,

Дзевіцы косынкі раскавалі,

А сужанькі коніка падкавалі.

Былі ў дзяўчыны істужкі —

То яго коніка падпружкі.

Былі ў яе маладыя пярсцёнкі —

То яго коніка падкоўкі.

 

718. Анимелле. Быт белорусских крестьян // Этнограф. сб., 1856, вып. 2, с. 236.

 

Віліся пчолачкі

Каля ніцай лозачкі:

— Віціся, не віціся —

Паціханьку садзіціся,

Сучайка не абагніце,

Лісцейка не абатрыце.

А віліся сваточкі

У дзеванькі за столікам:

— Віціся, не віціся —

Паціханьку садзіціся,

Серабра не абагніце,

Золата не абатрыце.

 

719. АІМЭФ, ф. 8, воп. 75, спр. 106, сш. 1, л. 36. Зап. А. Ліс у 1975 г. у в. Гудоўшчына Маладзечанскага р. ад Алены Луцкай, 1902 г. н.

 

Сінія мае два галубочкі,

Голасна забрукуйце,

Падайце тугу зялёнаму лугу,

Майму татку жалю:

Ён мяне дае і не ведае,

Якая доля будзе.

— Дачушка мая, мілае дзіця,

Я табе тое даю,

Я табе тое даю,

Што ў хазяйстве маю,

Пра долю не ўгадаю.

Сінія мае два галубочкі,

Жаласна забрукуйце,

Падайце тугу зялёнаму лугу

I маёй мамцы жалю:

Яна ж мяне дае

I не ведае, якая доля будзе.

— Дачушка мая, мілае дзіця,

Я ж табе гэта даю,

Я ж табе даю,

Што ў скрыні маю,

А пра долю не ўгадаю.

 

720. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 68, сш.4, л. 38—39. Зап.А. Лісу 1961 г. ув. Пасынкі Мядзельскага р. ад Стэфы Савук.

 

Румяна поле, румяна,

Рана, рана, румяна,

Поўны двор каней нагнана,

Рана, рана, нагнана.

Ніхто тых коней не пазнаў,

Рана, рана, не пазнаў

Да ніхто ў стаенькі не загнаў,

Рана, рана, не загнаў.

Выйшла Алёнка, пазнала

І да стаенькі загнала,

Рана, рана, загнала.

Прыйшла ў хатку, сказала,

Ой, рана, рана, сказала:

— Пойдзе татачка да току,

Ой, рана, рана, да току,

Дай конічку аброку,

Ой, рана, рана, аброку.

Сівому каню болей дай,

Рана, рана, болей дай,

А я пайду ў чужы край

Да за чужое дзіцятка,

Будзе свякроўка — не матка.

 

721. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 83, сш. 5, л. 1. Зап. А. Ліс у 1974 г.у в. Лістапады Валожынскага р. ад Марыі Станкевіч, 1909 г. н.

 

Пайшла дзевачка за вароцейкі,

Расплятаючы коскі,

За ёй мамачка, за ёй родная,

Разліваючы слёзкі:

— Пастой, дзевачка, пастой, дзіцятка.

Мы з табой пагаворым.

— Не буду стаяць, не буду чакаць,

Не буду гаварыці:

Сама знаю, мне людзі кажуць,

Што ў мамачкі не быці.

— Дзіцятка маё, роднае маё,

Не слухай людской моўкі.

Ідзі ў садочак, саві вяночак,

Стань сабе ля дзевачак.

— Мамачка мая, родная мая,

Уся твая няпраўдачка:

Дзевачкі стаяць, па вянку дзяржаць,

А мяне не прымаюць,

Бабачкі стаяць, па сынку дзяржаць,

А мяне паджыдаюць.

Дзевачкаў лаўка, дзевачкаў лаўка

Ад кветачак сіне-сіненька,

Бабачкаў лаўка, бабачкаў лаўка

Ад слёзачак макрусенька.

 

722. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 79, сш. 2, л. 46. Зап. А. Гурскі ў 1963 г. у в. Запруддзе Маладзечанскага р. ад Н. Шаўлюк, 1903 г. н.

 

Ужо не раненька, йшчэ не позненька —

Сонейка на заходзе.

Была ў мамачкі адна дачушка

I тая на выходзе.

Пайшла ў каморку і чэша галоўку,

Беленька умылася.

Выйшла з каморкі, выйшла з новенькай,

Мамачцы скланілася.

— Дзякуй, мамачка, дзякуй, родненька,

За тваё гадаванне.

Што гадавала, што шкадавала,

Што нямножка пасылала,

А хто не гадаваў, а хто не шкадаваў,

Той пасылаці будзе.

 

723. АІМЭФ, ф. 8, воп. 77, спр. 136, сш. 2, л. 21. Зап. А. Лісу 1977 г. у в. Вётхава Смаргонскага р. ад Алены Ліс, 1907 г. н.

 

— Чаго, лосю, чаго, сівенькі,

Ты к сялу прылятаеш?

Ці ты, лосю, ці ты, сівенькі,

Цяжкую зіму чуеш?

— Хоць цяжкую, хоць не цяжкую,

Над лецечка не будзе:

Я ўлетку пайду,

Лазінку згрызу,

А зімою нічога.

— Чаго, дзевачка маладзенькая,

Ты к сталу прылягаеш?

Ці ты, дзевачка маладзенькая,

Ліхую свякроў чуеш?

— Хоць ліхую, хоць не ліхую,

Над мамачку не будзе:

Я ў мамы жыла,

Як роза цвіла,

А ў свякроўкі не буду.

 

724. Сахараў, 1,с. 52. Зап. Я. Кірстук у в. Якубава Ілукстэнскага п. ад Г. Корзан.

 

Закракатала шэра вутанька на рацэ,

Заплакала родна матулька па дачцэ.

— Не плач, родна матулька, па мне.

Мамка, пойдзеш у чыста поле авёс жаць,

А я пайду на сіне мора хусты праць.

Ранняю, вячэрняю зарою

Да й сайдуцца нашы галаскі з табою.

 

725. Шейн. Бел. песни, с. 200. Зап. Л. Склярэнка ў в. Дубраўкі Лепельскага п.

 

Хадзіў-пахадзіў

Ясен месяц па небу,

Лічыў-палічыў

Зараначкі на небе.

Не далічыўся

Адной зоранькі вячэрняй.

А бог знаіць, бог ведаіць,

Дзе яна?

Каму яна, каму яна

Гэту ночаньку свяціла?

Да ці яна, да ці яна

Ў поўнач з месяцам хадзіла?

Хадзіў-пахадзіў

Андрэйка па хаце,

Лічыў-палічыў

Сямеечку ды сваю.

Не далічыўся, не далічыўся

Адной Гапулькі сваёй.

Ах, бог знаіць, бог ведаіць,

Каму яна, каму яна

Гэту ночаньку служыла?

Да ці яна, да ці яна

Ў поўнач з міленькім хадзіла?

 

726. Гілевіч, 1973, с. 424. Зап. у 1970 г. у в. Слабада Лагойскага р. ад Міхаліны Бурбоўскай, 1908 г. н.

 

— Перапёлка, ластаўка,

Дзе лета летавала?

Дзе лета летавала,

Дзе будзеш зімаваці?

— Летавала ў пшаніцы,

Зімаваць буду ў крыніцы,

Зімаваць буду ў крыніцы,

У сцюдзёнай вадзіцы,

— Ты, дзяўчына маладая,

Дзе гады гадавала?

Дзе гады гадавала,

Дзе будзеш векаваці?

— Гадавала ў мамачкі,

Векаваць — у свякроўкі,

Векаваць — у свякроўкі,

У чужой у сямейцы.

 

727. ЦНБ АН ЛітССР, АРКіР, ф. 21, воп. 1, спр. 981, л. 75. Песні аналагічнага зместу бытавалі на Маладзечаншчыне.

 

— Маё шырокае падвор'е,

Чаму вадою заплыло?

Ці табе ветру не стала,

Ці табе сонца замала?

— Свяціла сонца ў ваконца,

Павяваў ветрык з пагор'я

На маё нізкае падвор'е.

— Маладая дзевачка, чаго ты замуж хацела,

Ці бацькава раскоша дадзела,

Ці ад людзей павагі не мела?

— Была мне роскаш у татачкі,

Будзе павага ў свякроўкі,

Будзе павага ў свякроўкі,

Будзе знявага ў мілога.

 

728. Гілевіч, 1974, с. 295—296. Зап. Г. Васілевіч у в. Старыя Габы Мядзельскага р.

 

— Ой, баравая цяцера,

Чаго ты з бору ляцела,

Ці ў бару жыру не мела?

— А ў бару жыру даволі,

Болей не будзіць ніколі.

А ў бару вадзіца-крыніца,

У бару ягодкі салодкі.

— Ой, маладая дзевачка,

Чаго замуж ляцела,

Ці ў таткі хлеба не мела?

— А ў таткі хлеба даволі,

Болей не будзіць ніколі.

У таткі вадзіцы не было,

А было салодкае віно.

Яно ж ў нас рэчачкай цякло,

Не ляніся раненька ўставаць,

Вінцо ў бутылачкі пераймаць.

 

729. Шейн. Материалы, с. 260. Зап. у Гладкаўскай вол. Чавускага п.

 

Асіна балота красіла,

Мар’ічка Івана прасіла:

— Вязі мяне, Іван, дзе ўзяў,

Каб мой вяночак тут не звяў.

— Не бойся, Мар’ічка, не звяніць,

Калі мая мамачка загляніць,

На галоўцы вянок заззяіць,

Студзёнай вадой абаллець.

 

730. Полевой А. О языке населения Новозыбковского уезда Гомельской губернии. Мн., 1926, с. 46.

 

Лугавая зязюлечка, лугам ляціш,—

Чаму не кукуеш?

Ужо тваё мінулася вясенняе кукаваннейка,

Настала асенняе жыраваннейка.

Ой ты, дзеўка-дзяўчыначка, ад бацькі йдзеш,—

Чаму не заплачаш?

А ўжо тваё мінулася, дзевачка, каханнейка,

Машына гуляннейка.

 

731. Шырма, 3, с. 248. Зап. У. Урбановіч у 1946 г. у Іўеўскім р.

 

— Кляновы лісточак,

Ды куды ты пакоцішся?

Ці ўгару, ці ў даліну,

Ці ў бор на кляніну?

 

— Ды я й сам не ведаю,

Куды вецер пакоціць,

Ці ўгару, ці ў даліну,

Ці назад на кляніну.

 

— Маладая дзяўчыначка,

Ды куды ты ідзеш?

— Я й сама не ведаю,

Куды маці аддае,

Ці ў сяло, ці ў прысёлле,

Ці ў дзявочае бяздолле.

 

732. Минская старина, вып. 2, с. 227. Зап. I. Белановіч у 1908 г. у Вілейскім п.

 

— Залатая макаўка,

Ці многа маку маеш?

— Ці многа, ці нямнога —

Усё поле засеяла,

А на луг не хапіла.

Мачыну ад насення —

Дзяўчыне на вяселле.

— Маладая дзевачка,

Ці многа дароў маеш?

— Ці многа, ці нямнога —

Усіх сватоў адарыла,

На свякроўку забыла.

Ой, свякроўка-мамачка,

Я цябе не забуду,

Кожны дзень дарыць буду

Доўгімі станінамі,

Белымі кужалямі.

 

733. ЦНБ АН ЛітССР, АРКіР, ф. 21, воп. 1, спр. 981, л. 11 адв. Зап. у 1901 г. у Вілейскім п.

 

Ляцела куна з бору ў дуброву

К сакалу на размову.

— Мне ў бару добра,

Мне ў бару добра,

У дуброўцы лепей будзе.

У бары шышкі паколюць ножкі,

У дуброўцы мякчэй будзе.

Ішла дзевачка з сяней у камору

Да мамачкі на размову.

— Мне ў мамкі добра,

Мне ў мамкі добра,

У свякроўкі лепей будзе.

У мамкі хлеб палыном пахне,

А ў свякроўкі чарнушкаю,

Я ў мамкі бяру выдаваная,

А ў мілога сама вазьму.

У мамкі ключы пад пясочкам,

А ў міленькага на прабоі.

 

734. Шейн. Бел. песни, с. 206—207. Зап. Л. Склярэнка ў в. Дуброўка Лепельскага п.

 

Ай, упала ластаўка, упала

У тое дзядоўе колкае,

Ай, у тую макрыцу-травіцу.

Ай, па ёй жа пташкі тужылі.

— Не тужыце, пташкі, вы па мне!

Я тое дзядоўе паламаю,

Я тую макрыцу-травіцу пакашу.

Ай, упала Ганулька, упала,

Ай, у тое дзявер'е ліхое,

Ай, у тыя залоўкі-чачоткі.

А па ёй жа дзеўкі тужылі.

— Не тужыце ж, дзевачкі, вы па мне!

Я тое дзявер'е пажаню,

А заловак-чачотак пааддаю,

А ліхія дзявер'я — ў суседзі,

А залоўкі-чачоткі — ў гасціны.

 

735. Шырма, 3, с. 240. Зап. у 1929 г. у в Пясчанікі Беластоцкага п. ад Параскі Грыцук.

 

— Ой, восень, восень,

Ты мяне ачарыла:

Прыйдзеш дадому —

Вячэранька няміла.

 

Ачарыла мяне

Рознымі чаранькамі,

Ажаніла мяне

З сінімі вочанькамі.

 

— Каб ты не ведаў,

Як коніка сядлаці,

Як я не знала,

Чым цябе чараваці!

 

Ой, каб ты не знаў,

Як на коніка сесці,

Як я не знала,

З чым табе даці есці!

 

Каб я, малада,

Свае волікі мела,

То я на цябе,

Гультая, не глядзела б!

 

Каб мела валы

Ды яшчэ палавыя,

Любілі б мяне

Хлопчыкі маладыя.

 

Лецечка бьіло,

Розна зеллечка цвіло,

Восень настала,

Розна зеллечка звяла.

 

Ой, пайду, пайду,

Дзе я летам хадзіла,

Ці я не знайду,

Каго верна любіла.

 

736. Часоп. «Рунь», 1923, № 3, с. 24. Зап. А. Салагуб у в. Зарудзічы Ашмянскага п.

 

Да ў гародзе да на пагодзе

Канапелька стаяла,

На канапельцы на зялёненькай

Зязюля кукавала.

Чыя-та матка, чыя-та матка

Зязюлю праклінала:

— Багдай, зязюля, багдай, рабая,

Тут болей не лятала:

Адкукавала, адшчабятала

Ад мяне работніцу.

Чыя-та мамка, чыя-та мамка

Зязюлю выхваляла:

— Багдай, зязюля, багдай, рабая,

Кожны год прылятала:

Прыкукавала, прышчабятала

Да мяне работніцу.

 

737. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 66, сш. 29. Зап. А. Зуйкевіч у 1960-я гады ў в. Логнавічы Нясвіжскага р. ад Ганны Белаш, 62 г. Летняя.

 

Пайду я да Дунаю

Да стану я, падумаю.

А ў Дунаю да дно відно,

Мне ў бацюхна добра было:

На вулічцы перад мілым

На музыках заначую.

А цяпер пайду я да Дунаю

Да стану я, падумаю.

А ў Дунаю дна няма,

А ў свёкра дабра няма:

Пры постаці пераднюю,

А пад жорнамі заначую.

 

738. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 74, сш. 1, л. 26. Зап. В. Кушнарэнка ў 1973 г. у в. Ліпаўка Быхаўскага р. ад У. Смычковай і П. Елінай.

 

У майго татачкі горы да горы —

Мне гуляці даволі.

На вуліцу йду — не пытаюся,

З вуліцы — не хватаюся.

 

У свёкаркі падвор'е роўнае —

Мне гуляці не вольна.

На вуліцу йду — пытаюся,

З вуліцы — хватаюся.

 

739. Гілевіч, 1974, с. 299. Зап. Л. Колабава ў в. Алапцева Аршанскага р. ад К. Турак, 1918 г. н.

 

Лужком, беражком рэчачка цякла,

Па прыгор'ейку Ніначка ішла,

З лугавой вадой гаварыла:

— Як я ў матулькі ў роднай жыла,

Бела сваё лічанька ўмывала,

Каб маё лічанька белым было,

Каб я суджанаму міла была.

Як стала я жыць у свякровачкі,

Бела было лічанька — пабялела,

Міла была суджанаму — памілела.

 

740. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 10, сш. 1, л. 39—40. Зап. Л. Салавей у 1968 г. у в. Палуж-2 Краснапольскага р. ад Алены Дзюк, 1936 г. н., Веры Салуцінай, 1932 г. н., і Евы Лазаравай, 1898 г. н.

 

Што гула, гула галубачка

Ды на луг паляцела, [Кожны радок паўтараецца з загукваннем.]

У-у-у!

 

Ой, не аддаў мяне мой татачка,

За каго я й хацела,

У-у-у!

 

Ой, аддаў мяне мой родненькі,

За каго нягожа,

У-у-у!

 

Ой, па калена смецця ў хаце,

На стале рагожа,

У-у-у!

 

А мне, младзе, младзёшаньке,

Глядзець непрыгожа,

У-у-у!

 

Як вазьму я мяцёлачку

Да вымету хату,

У-у-у!

 

Як вазьму я рагожачку,

Пад лаўку падкіну,

У-у-у!

 

Як вазьму я скацерць бялёву,

На стале пасцялю,

У-у-у!

 

741. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 52, сш. 24. Зап. В. Забаронак у 1972 г. у пас. Партызанскі Вілейскага р. ад Зінаіды Забаронак, 52 г.

 

Ой, белая бярозачка,

Бялей майго цела,

Не аддаў мяне татачка,

За каго я хацела.

Жыву гадок, жыву другі,

На трэці ступаю,

Ніхто ў мяне, бяздольніцы,

У гасцях не бывае.

Ці сцежачкі не ведае,

Дарожкі не знае?

Сцежачка ў вароцецы,

Дарожка ў аконца,

Прыйдзі, прыедзь, мой татачка,

Як яснае сонца.

А я табе, татулечка,

Вячэру згатую,

Пад цясовым аконцам

Пасцельку пасцялю.

Чаму, чаму, мой татачка,

Усю ноч не засыпаеш,

Праз цясовае аконейка

На двор паглядаеш?

— Ой, цяжанька мне, трудненька

Тут ноч начаваці.

— А як жа мне, мой татачка,

Тут век векаваці?

 

742. Federowski, 5, с. 34. Зап. у в. Новая Воля каля Незабудкі ад Аўдоцці Сікорскай.

 

Ой, заржы, заржы, вараны коню,

Дарогаю бегучы,

Чы не ўчуе мая дзеванька,

Вяночкі да ўючы.

Ой, як учула, так і пазнала:

— Ой, едзе ужо, едзе!

Едзе Ясенька, едзе сэрданька,

Вязе з руты вяночка,

Ох, вязе, вязе з руты вяночка,

Пярсцёнка залатога.

Яся малады, конік вараны,

Сядзелка залатое.

 

743. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 119, сш. 3, л. 9—10. Зап. А. Ліс у 1976 г. у в. Гудоўшчына Маладзечанскага р. ад Алены Луцкай, 1902 г. н.

 

Да зарзаў, зарзаў малады конічак,

Да па полі гарцуючы,

А як пачула мілая мая,

Вячэрку гатуючы,

Сільненька заплакала:

— Дзе ж мой міленькі, чарнабрывенькі?

Ён каня сядлае,

Каня сядлае, сам выязджае.

З кім мяне пакідае?

— Выязджаю я, мілая мая,

Не магу адказацца,

Загадалі мне сядлаці каня,

На вайну сабірацца.

— Няма шчэпачкі, ні лучыначкі

Сцежачкі асвяціці,

Няма брацейка, ані сястрыцы,

З кім слоўца гаварыці.

— Ключыкі ж мае залаценькія

Сцежку табе свяціць будуць,

Замочкі мае нутраненькія

З табой гаварыць будуць.

 

744. Federowski, 5, с. 756. Зап. у в. Высоцк каля Дзераўной і Рагатной Слонімскага п.

 

На гары, горцы чатыры жонцы

Ячмень жнуць,

А ў даліне дзве дзяўчыны

Лён бяруць.

На бярозе два салавейкі

Шчабечуць.

— Не шчабячыце, два салавейкі,

Седзячы,

Не збудзіце мае свякрухі,

Лежачы,

Бо як яна ўстане, будзе работанькі

Пытаці,

То я, маладзенька, не ведацьму,

Што сказаці.

 

745. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 77, сш. 4, л. 8—9. Зап. В. Бурносаў у 1962 г. у в. Глыбокае Бялыніцкага р. ад Н. Немыцьковай.

 

А ў чыстым полі тры садочкі, [Кожны радок паўтараецца.]

А ў тыя садочкі тры слядочкі.

А ў першым садзе салавейкі,

А ў другім садзе зязюлечка,

А ў трэцім садзе мамка з сынам.

Дзе салавейкі — там шчабечуць,

Дзе зязюлечкі — там кукуюць,

Дзе мамка з сынам — там гавораць.

А мамулька ў сына запытала:

— Хто ж табе, мой сынку, наймілейшы?

Ці цёшча, ці мамка, ці жонка?

— Мне цёшча міла для прывету,

Мне жонка міла для савету,

Ты ж, мая мамулька, мілей свету:

Ты ж мяне насіла — галасіла,

Ты ж мяне раджала — умірала,

А сорак ночак не ўсыпала,

Пакуль мяне, маладога, узгадавала.

Як цёшча памрэ — гарэлкі нап'юся,

Як жонка памрэ — ажанюся,

Як мамка памрэ — слязамі абальюся.

 

746. АІМЭФ, ф. 8, воп. 74, спр. 83, сш. 2, л. 23. Зап. А. Ліс у 1974 г. на хутары Барок (каля в. Дубіна) Валожынскага р. ад Ганны Іванчык, 1901 г. н.

 

— Дзе ты, хмелю, быў,

Дзе ты, хмелю, рос,

Чаму ты не павіўся?

Дзе, малойчык, быў,

Дзе, малойчык, жыў,

Чаму ты не жаніўся?

— Я ў садзе рос,

Прыўдарыў мароз,

Затое не павіўся.

Я ў пана быў,

Я пану служыў,

Затое не жаніўся.

 

747. Горбачевский // Витеб. губерн. ведомости, 1896, № 89. Зап. I. Гарбачэўскі ў Лепельскім п.

 

Паляцела зязюля па лужочку:

Заганяла пташак да барочку:

— Ай, да бору, пташачкі, да бору,

Не рабіце шкоды вы нікому,

А не клюйце пшаніцы у полі,

А не піце вадзіцы з крыніцы,

А клюйце вы ягадкі ў барочку,

А піце вадзіцы вы з лісточку.

Пахадзіла Аўгінька па пірочку.

Прасіла Барыску дадомачку:

— Ай, дадому, Барыска, дадому,

Не рабі ж шкоды ты нікому,

Не любі чужых жонак у пірочку,

А любі мяне, маладу, ў дамочку,

Лажыся спатанькі ў палажочку.

 

748. АІМЭФ, ф. 13, воп. 9, спр. 8, л. 68. Зап. А. Емяльянаў у 1960 г. у в. Цяцерын Бялыніцкага р. ад Фёклы Нырцовай, 1914 г. н.

 

Як пайду, пайду на Дунай па ваду,

Ці не ўвіджу каго роднага свайго?

Аж там вутачка па рацэ плывець,

То ж не вутачка, а мая мамачка.

— Пастой, мамачка, пагаворым з табой,

Пастой, родная, пагаворым з табой.

— Вада сільна б'ець, гаварыць не даець.

Як пайду, пайду на Дунай па ваду,

Ці не ўвіджу каго роднага свайго?

Аж там селязень па рацэ плывець,

То ж не селязенька, а мой татулька.

— Пастой, татулька, пагаворым з табой,

Пастой, родненькі, пагаворым з табой.

— Вада сільна б'ець, гаварыць не даець.

 

749. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 65, сш. 2, л. 42. Зап. I. Лушыцкая ў 1961 г. у в. Целякі Мядзельскага р. ад Еўдакіі Габрусёнак, 1888 г. н.

 

Пад белаю, пад белаю, рана, рана, бярозаю,

Пала раса, пала раса, рана, рана, сцюдзёная,

А другая, а другая, рана, рана, мядовая,

А трэцяя, а трэцяя, рана, рана, залатая.

Сцюдзёную, сцюдзёную, рана, рана, таптаць буду,

Мядовую, мядовую, рана, рана, збіраць буду,

Залатую, залатую, рана, рана, шанаваць буду.

 

750. ІРЛІ, ф. 40, воп. 2, спр. 1, л. 132. Зап. М. Зубаў у в. Мікулічы Клімавіцкага п. Восень гукаюць.

 

Дзе радзілася, не была,

Там мяне цёмна ноч абняла,

Недзе маладзе начаваць.

Ці мне, маладзе, на вадзе,

Ці ў новенькай каморы,

Ці ў зялёненькай дуброве?

На вадзе рыбачка з вакунём,

У дуброве белачка з сабалём,

У каморы дзевачка з малайцом.

На вадзе рыбачка валну б'ець,

У дуброве белачка гняздо ўець,

У каморы дзевачка слёзкі льець.

 

751. Шырма, 3, с. 244. Зап. У. Урбановіч у 1946 г. у Іўеўскім р.

 

А што ўжо там за зеллейка,

Што чорнае насеннейка?

Я яго шчыплю-ламлю,

То яно адрастае.

Я яго ў вяночак ўю,

То яно расцвітае.

Я яго на галоўку кладу,

То яно размаўляе.

А што ўжо за ойчанька,

Што далёка дзіця аддае,

Што далёка дзіця аддае,

Што і сам не ведае

Да праз людзі пытае:

— Ці жыве дзіця маё?

Ці жыве, ці гаруе,

Ці з панамі пануе?

— Жыве, жыве, не гаруе

I з панамі не пануе,

З панамі не пануе,

Дробны дзеткі гадуе.

 

752. Косич, с. 32. Зап. у 1899 г. у в. Лупесня Старадубскага п.

 

— Медуніца, медуніца лугавая

Чаго не цвіцеш па ўсім лузе па зялёным?

Як жа я буду цвісці па ўсім лузе?

Мошкі цвецікі аб'ядаюць.

Воды корні падмываюць.

— Маладзіца, маладзіца маладая,

Што не ходзіш на вуліцу на шырокую?

— Як жа мне на вуліцу хадзіць?

Што свякруха кажа: сакатуха, растанчыца,

А'залоўка кажа: лядачая пахмурніца,

Свёкар кажа: мядзведзіца лесавая,

Мілы кажа: маладзіца маладая.

Сарока-сакатуха — па-над коллю,

Растанчыца — дачка ў бацькі,

Пахмурніца — цёмна ночка, цямнюсенька,

Мядзведзіца — у цёмным лесе цямнюсенькім.

 

753. Шейн. Бел. песни, с. 198. Зап. у м. Чашнікі Лепельскага п. ад Каткевічоўны.

 

Тады была добрая гадзіна,

Як мяне матанька радзіла.

А радзіла мяне у даліны,

А купала мяне у каліны,

Спавівала мяне у шырыны,

Спаць клала у пярыны,

Скалыхнула мяне высока,

Абяцала мяне далёка,

Чэраз тры пушчы дрымушчы,

Чэраз тыя ручайкі цякушчы.

Калі к матцы ў госці захачу,

Я тыя барочкі парублю,

Цёмныя лясочкі выпалю,

Сінія азёры намашчу,

А ў сваёй матанькі пагашчу.

 

754. Сахараў, 1, с. 51 — 52. Зап. I. Ігнатовіч у 1930 г. у в. Іяніны Даўгаўпілскага п. ад Юзэфы Ігнатовіч.

 

За цёмным лесам трава павяла,

За благім мужам жана прапала,

На ніўку пойдзець — ніўку праклінаець:

— Каб гэта ніўка пакарацела,

Каб гэта постацька павузела,

Каб я, старэнька, яшчэ пастарэла!

За цёмным лесам трава зялёна,

За добрым мужам жана вясёла,

На ніўку пойдзець і бога просіць:

— Каб гэта ніўка падаўжэла,

Каб гэта постацька пашырэла,

Каб я, маладзенька, памаладзела!

 

755. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 79, сш. 11, л. 8. Зап. А. Гурскі ў 1963 г. у в. Валасовічы Лепельскага р. ад Марыі Гайко, 1890 г. н.

 

Выйду я на горачку,

Пакачу іголачку.

Каціся, іголачка,

К свёкру пад аконачка,

Свякроўцы пад другое.

Паслухай, іголачка,

Што свёкарка гаворыць:

Ці аб цябе, іголачка,

Ці аб мяне, нявестачку?

Ці аб цябе, залатую,

Ці аб мяне, маладую?

 

756. Шырма, 3, с. 213—214. Зап. у 1928 г. у в. Шані Пружанскага п. ад Вольгі Засім.

 

Паздароў, божа, майго мілага ,

Сівою барадою,

Што я гуляла, раскашавала

За яго галавою.

 

Паздароў, божа, майго мілага

I мяне каля яго.

Сам рана ўстане, мяне не будзіць

Да кужалю белага.

 

Сам рана ўстае, сам рана ўстае,

Йшчэ мяне напранае:

«Ой, спі, мілая, чарнабрывая,

То будзеш маладая!»

 

757. АІМЭФ, ф. 8, воп. 77, спр. 136, сш. 1, л. 32. Зап. А. Ліс у 1977 г. у в. Барбарова Глускага р. ад Кацярыны Радкевіч 1927 г. н. і Марыі Валадзько, 1928 г. н.

 

Ходзіць Ванька да па беражочку,

Весялочкам апіраецца,

Слёзачкамі абліваецца.

— Што ж ты, Ванька, тут робіш?

Ці ты, Ванька, рыбку ловіш,

Ці ты, Ванька, перавоз возіш?

— Эй, горкі мае да перавозы,

Абліваюць жа да мяне слёзы.

Эй, была ў мяне жана Ульяна,

На Дунаю да ваду брала,

На камені ножкі мыла,

У Дунай-рэчке затанула.

Двое дзетак мне пакінула,

А трэцяе ў спавіточку,

Эй, а трэцяе ў спавіточку,

Дурыць маю галовачку...

 

758. АГТ, ф. 4, воп. 1, спр. 9, л. 10. Зап. А. Любінскі ў 40-я гады XIX ст. каля м. Новы Пагост Дзісенскага п.

 

Былі ў татулькі да тры дачушкі,

То яму бог даў. [Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.]

Усіх трох ён замуж павыдаваў:

Першую аддаў да за пашнічка,

Другую аддаў да за бортнічка,

Трэцюю аддаў да за дудара.

Што за пашнічкам, едзіць у госці,

Вязець гасцінец — бохан хлеба,

А малым дзеткам па піражочку;

Што за бортнічкам, едзіць у госці,

Вязець гасцінец — гаршчок мёду,

А малым дзеткам па гарнушачку;

Што за дударом, едзіць у госці,

Вязець гасцінец — дуду-рагаўню,

Малым рабяткам па жалеечцы.

 

759. АІМЭФ, ф. 8, воп. 1, спр. 90, сш. 2, л. 11. Зап. Г. Барташэвіч у 1964 г. у в. Ляўкі Аршанскага р. ад Веры Філіповіч, 1914 г. н. Як яр жнуць.

 

А на двары дожджык, [Кожная страфа паўтараецца.]

Як у сіцечка сіціць,

 

А брат сястру

I ў вакошачка клічыць:

 

— А хадзі, сястра,

У карчомку гуляці.

 

— А гуляй, брацец,

Калі табе ўдалося,

 

А я буду гараваць,

А мне гора нашлося.

 

А ў цябе, брацец,

Жытца зарадзіла,

 

А ў цябе, брацец,

Уся радзінка нашлася.

 

А ў мяне, брацец,

Пшонка не ўрадзіла,

 

А на мяне, брацец,

Уся радзінка забыла.

 

760. АІМЭФ, ф. 8, воп. 2, спр. 57, сш. 4, л. 11. Зап. А. Ліс у 1972 г. у в. Боркавічы Верхнядзвінскага р. ад Ефрасінні Магер, 1902 г. н., і Марылі Мятлюк, 1900 г. н.

 

— Дубровачка зялёная,

Чаго рана зашумела? [Кожны другі радок паўтараецца.]

 

— Не сама я зашумела,

Буйны ветры скалыхнулі.

 

— Удованька маладая,

Чаго рана заўдавела?

 

—Не сама я заўдавела,

Злыя людзі разлучылі.

 

Свякроў мая багатая,

Яна мяне неўзлюбіла,

 

А як выйшла на вуліцу,

Яна мяне абсудзіла.

 

Парай, парай, матуленька,

Як свякроўцы ўгадзіці?

 

— Цярпі, мая дачушка,

Доля твая нешчасліва.

 

761. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 119, сш. 3, л. 42—43. Зап. А. Ліс у 1976 г. у в. Саляўцы Маладзечанскага р. ад Зосі Зянько-Пачыкоўскай, 1893 г. н.

 

Да за сцяною за камянною

Удоўка сільна плача.

— Не плач, удава — бедна галава,

Татачка ў госці едзе.

— Да няхай едзе,

Не заязджаецца,

Не будзе начаваці:

Не маю стайні

А ні новенькай

Конікаў пастаўляці,

Не маю сыра

А ні белага

Татачкі частаваці,

Не маю слаўца

А ні вернага

З татачкам гаварыці,

Не маю саду я вішнёвага

З татачкам пахадзіці.

Да за сцяною за камянною

Удоўка сільна плача.

— Не плач, удава — бедна галава,

Міленькі ў госці едзе.

— Да няхай едзе, заязджаецца,

Будзе тут начаваці:

Маю я стайні,

Маю новыя

Конікі пастаўляці,

Маю я ложа і падушачкі

Міламу пасцель слаці,

Маю я сыр, маю белы

Мілага частаваці,

Маю я слаўца, маю верна

З міленькім гаварыці,

Маю я садзік, ўсё вішнёвенькі,

З міленькім пахадзіці.

 

762. Гілевіч, 1974, с. 293—294. Зап. Н. Ткачова ў в. Чырвоны Асавец Быхаўскага р. ад В. Панчанка.

 

Маладая ўдоўка [Кожны радок паўтараецца.]

Каля гаю хадзіла

Ды й з гаем гаварыла:

— А ты, гаю, мой гаю,

Падымай вецце ўгору,

Пратарай мне дарогу,

Бо я к мамачцы іду.

Калі мамачка жыва,

Будзь, дарожачка, торна

I паходачка спорна.

Калі ж мамачка ўмерла,

Будзь, дарожка, не торна

I паходка не спорна.

 

763. АІМЭФ, ф. 8, воп. 79, спр. 164, сш. 4, л. 8. Зап. С. Барыс у 1972 г. у в. Камарышкі Вілейскага р. ад Насты Дземідовіч, 1900 г. н.

 

На ўдоўчыным полі

Сабраліся работнічкі:

Мядзведзь карчом арэць,

Лісіца ваду бярэць,

А зайчык барануіць,

А ваўчок жыта сеіць.

А як пачаў дожджык

Ды ўсё надкрапляць,

А як пачалі работнікі

Дамоўкі ўцякаць:

Мядзведзь на лес палез,

А зайчык — у Дунайчык,

А лісічка — ў норачку,

А ваўчок — ў хмызнячок.

 

764. АІМЭФ, ф. 13, воп. 10, спр. 79, сш. 13. Зап. Т. Карканіца ў 1974 г. у в. Рэчкі Чэрвеньскага р. ад М. Каляды, 1897 г. н.

 

Вы, сыночкі, галубочкі мае,

Вы пайдзіце ў зялёненькі садок

Да ўніміце вы на дудачкі сябе.

Чыя дудка галасней зайграе,

Таму сынку у салдацікі ступаць.

Старшы кажа: «Ў мяне дзяцей грамада»

Сярэдні кажа: «Ў мяне жонка малада».

Старшы кажа: «Трэба дзяцей гадаваць».

Сярэдні кажа: «Трэба жонку навучаць».

Меншаму сынку

У салдацікі ступаць.

Меншы сынок не ўпіраецца,

Ў каморцы прыбіраецца,

З атцом, з матушкай прашчаецца:

— Прашчай, прашчай, ацец, матушка,

Ці я ў вас не дзіцятачка?

Ці я ў вас не радзімы сынок?

Ці я ў вас не касіў, не араў,

Што ацец мяне ў салдацікі аддаў?

 

765. АІМЭФ, ф. 8, воп. 85, спр. 229а, л. 9. Зап. А. Ліс у 1985 г. на хутары Макараўшчына ад Фені Казаровец, 1907 г. н.

 

Па сінім моры [Кожны радок паўтараецца двойчы.]

Тры чаўны плывуць.

 

У першым чаўночку

Конікі ірзуць,

 

У другім чаўночку

Салдаты пяюць,

 

У трэцім чаўночку

Дзевачкі плачуць.

 

Конікі ірзуць —

Дарожку чуюць,

 

Салдаты пяюць —

На вайну ідуць.

 

Дзяўчаты плачуць —

Іх пакідаюць.

 

766. АІМЭФ, ф. 8, воп. 73, спр. 74, сш. 3, л. 5. Зап. В. Кушнарэнка ў 1973 г. у в. Шалаеўка Кіраўскага р. ад Яўгеніі Клямёнкавай.

 

Ой, лістам, лістам дарожачка запала,

Ой, там дзяўчоначка малойчыка шукала,

Вой, да знайшоўшы, яна ў яго пытала:

— Вой, да чаго ж ты, бел малойчык, засмуціўся?

— Ой, прыйшла копія і ў салдацікі ісці,

Вой, папка плача, конікаў сядлаючы,

Вой, сястра плача, ўслед за возам ідучы.

 

767. АІМЭФ, ф. 8, воп. 76, спр. 120, сш. 2, л. 2. Зап. А. Пахомава ў 1976 г. у в. Камень Лепельскага р. ад Ф. Баранавай.

 

— Ай, восень, восень, ты, сцюдзёная,

Чаго рана настала?

— А што й за рана,

А што й за позна?

Ужо й мая пара прыйшла.

Лісточак падзець,

Травіцу кладзець —

Ужо й мая пара прыйшла.

Сняжочак падзець,

Травіцу крыець —

Ужо й мая пара прыйшла.

 

Народны каляндар

<<  Сакавіка 2022  >>
 Пн  Аў  Ср  Чт  Пт  Сб  Нд 
   1  2  3  4  5  6
  7  8  910111213
14151617181920
21222324252627
28293031