Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 89 госцяў анлайнПрадмова |
Кастусь Каліноўскі. Энцыклапедычны даведнік На нашым партале сфармаваны новы раздзел прысвечаны Кастусю Каліноўскаму. Гэта сваеасаблівы энцыклапедычны даведнік пра нашага рэвалюцыйнага змагара “дзіцяці сусветнай рэвалюцыі” і яго паплечнікаў, якія прысвяцілі сваё жыццё за незалежнасць Беларусі. Іх лёс – гэта гісторыя гераічнага мінулага патрыётаў Айчыны. Дзякуючы барацьбе Каліноўцаў мы можам лічыць сябе іх нашчадкамі. У нашага народа ёсць выдатнейшы прыклад рэвалюцыйнай барацьбы за незалежнасць. Подвіг К. Каліноўскага натхняе нас на працяг змагання, якое яшчэ незавершана патрыётамі мінулых стагоддзяў. Яны перадалі нам свой вопыт: як арганізавацца, як стварыць умовы для барацьбы, якім ісці шляхам каб пазбегнуць паразы і чужацкай няволі, як перадаць сваім нашчадкам памкненні да незалежнасці і самастойнасці нашай любай Радзімы. На першых старонках у “Дакументах” змешчаны факсімільныя тэксты сямі нумароў “Мужыцкай праўды”, а таксама “Пісьмы з-пад шыбеніцы”, знакаміты верш Кастуся Каліноўскага да Марыські. Матэрыял пададзены на латыні і адаптаваны кірылічным шрыфтом двух варыянтаў, што дае магчымасць успрымання тэкстаў. Такое зроблена ўпершыню. У наступным раздзеле “Вакол постаці Кастуся Каліноўскага. Як гэта было” раскрываецца гісторыя паседжанняў клуба “Спадчына” і яго сяброў пра напісанне калектыўнага пісьма ў ЦК КПБ, Савет Міністраў Беларусі, Грамадскія арганізацыі і творчыя аб’яднанні наконт ушанавання памяці Кастуся Каліноўскага ў сувязі з набліжэнем 150-годдзя з дня нараджэння К. Каліноўскага і 125-годдзя студзеньскага паўстання 1863 года на Беларусі. У раздзеле “Пісьмо Першаму сакратару ЦК” падаецца сам тэкст і абгрунтаванне ўшанавання падзей паўстаня, арганізацыю шэрагу мерапрыемстваў прымеркаваных да дня нараджэння К.Каліноўскага. На прыканцы пісьма сябрамі клуба “Спадчына” прапанавалася правесці шэраг мерапрыемстваў. Устаноўка помнікаў у Мінску, Гродне, стварэнне музеяў паўстання ў Мінску, г.п.Свіслач, выданне твораў К.Каліноўскага, куды б увайшлі яго публіцыстычныя артыкулы з "Мужыцкай праўды", "Пісьмы з-пад шыбеніцы", матэрыялы следчай камісіі, успаміны пра дзейнасць К.Каліноўскага і іншых рэвалюцыянераў, матэрыялы і дакументы. Выданне матэрыялаў і дакументаў пра паўстанне У наступным раздзеле “Кастусь Каліноўскі – дзіця сусветнай рэвалюцыі” падаецца тэкст кнігі А.Белага “Вобраз Змагара (да 150 годдзя з дня нараджэння К. Каліноўскага)”. У другой кнізе А.Белага “Вобраз К.Каліноўскага ў літаратуры і мастацтве”, падаюцца ўсе, пачынаючы з 1863 года, выдадзеныя кнігі, публікацыі, мастацкія, музычныя і кіно-творы прысвечаныя К.Каліноўскаму. Гэты твор, які і па сённешні дзень з’яўляецца каштоўным даведнікам дзейнасці дзеячоў нашай культуры, якія ўшаноўвалі памяць нашага змагара. Цікавым для даследчыкаў з’яўляецца раздзел “Творы па ўвасабленню вобраза Кастуся Каліноўскага”, дзе падаюцца публіцыстычныя матэрыялы з 1986 па 2008 гады, якія раскрываюць падзеі з нагоды святкавання юбілеяў К.Каліноўскага. У раздзеле “Варыянты фотаздымкаў Кастуся Каліноўскага” падаюцца тры іканаграфічныя фотапартрэты К.Каліноўскага і гісторыя іх знаходак і друкавання. Для гісторыкаў гэтыя фотаздымкі вельмі каштоўныя, таму што з’яўляюцца ўнікальнымі і даюць магчымасць больш шырокага карыстання сапраўдным іканаграфічным матэрыялам. Адным з цікавейшых раздзелаў “Кастусь Каліноўскі. Энцыклапедычны даведнік”. У ім даецца матэрыял Зміцера Кузменкі “Чарнавы алфавітны спіс артыкулаў” для будучага энцыклапедычнага даведніка. Змешчаны каля 250 ключавых слоў, якія павінны перарасці ў артыкулы. З.Кузменка прыкаваны да ложка, але няспынна працуе для папулярызацыі дзейнасці К. Каліноўскага і гераічнай гісторыі Беларусі. Будзем спадзявацца, што гэты спіс ключавых слоў для энцыклапедыі будзе пашыраны ім і на кожнае слова пададзены артыкул. Звяртаемся да дзеячоў культуры і навукі каб адгукнуліся на юбілейны год і далучыліся да пашырэння гэтага чарнавога спіса энцыклапедыі ў напісанні артыкулаў. Гэта стане ўсенароднай экапедыяй пра К.Каліноўскага. Наступны раздзел прадстаўлены Каталогам “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі”. Пададзены звыш 125 ілюстрацый мастацкіх твораў К.Каліноўскага пачынаючы з першых яго партрэтаў ад мастакоў П.Сергіевіча і Я. Драздовіча і да мастакоў нашых дзён. Прадстаўлены поўны макет каталога. На сённяшні дзень неабходна падаць вялікую колькасць фотапартрэтаў паплечнікаў К.Каліноўскага, іх біяграфіі, сабраць усе матэрыялы паўстання ў электроннай версіі. Спадзяемся, што грамадскасць Беларусі адгукнецца на гэтую важную справу. Гісторыя нашага рэвалюцыйнага руху і змагання без энцыклапедычнага даведніка пра К.Каліноўскага не можа быць поўнай. Яна зробіць прарыў у раскрыцці гераічнага змагання за незалежную Беларусь. Толькі такая гісторыя стварае нацыянальную годнасць усяго нашага шматпакутнага народа. Пётра Русаў краязнаўца, гісторык. |