Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 43 госцяў анлайн
Шыльду Ларысе Геніюш у Ваўкавыску будуць “судзіць”?
Сёньня ў Ваўкавыску не адбылося адкрыцьця памятнай шыльды, прысьвечанай вядомай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Шыльда зьнікла са сьцяны прыватнага дому на вуліцы Перамогі, 40. Мясцовы краязнаўца Мікалай Кавальчук, які павесіў шыльду, быў затрыманы. Яго выпусьцілі з пастарунку толькі праз тры гадзіны.
![]()
Газавая служба абвясьціла трывогу каля дому №40 на вуліцы Перамогі
У.Някляеў, А.Белы, М.Скобла каля дому, зь якога зьнікла памятнай шыльда
Увесь час вяліся апэратыўныя відэаздымкі аматараў творчасьці Геніюш
Пасьля гэтага ля стаянкі з машынамі на вуліцы Перамогі міліцыянты папярэдзілі аматараў творчасьці Геніюш, каб яны разыходзіліся, інакш будзе лічыцца, што яны праводзяць несанкцыянаваную акцыю.
Міліцыянты папярэджваюць, старшы — падпалкоўнік Віктар Юшкевіч
Міліцыянты вызвалілі Мікалая Кавальчука, на вуліцу з РАУС яны выйшлі разам з Уладзімірам Някляевым
У Ваўкавыску міліцыя канфіскавала шыльду ў гонар Ларысы Геніюш, вырабленую з дапамогай кампаніі «Гавары праўду». Райвыканкам сцвярджае, што ініцыятары не выканалі фармальнасцяў.
© Фота Юліі Дарашкевіч. Анатоль Белы паказвае месца, дзе была замацаваная шыльда Геніюш.
© Фота Юліі Дарашкевіч.
Уладзімір Някляеў і Анатоль Белы спрачаюцца з міліцыяй
Мікалай Кавальчук пасля свайго вызвалення з пастарунку.
Памятны медаль для Мікалая Кавальчука ад Анатоля Белага.
Завершыліся мерапрыемствы літаратурна-музычнай імпрэзай.
Мемарыяльную шыльду меркавалі змясціць на хаце, у якой нарадзілася Ларыса Геніюш 27 ліпеня. Геніюш (у дзявоцтве — Міклашэвіч) нарадзілася ў фальварку Жлобаўцы, але пазней сваякі перавезлі гэты дом у Ваўкавыск, ён цяпер і стаіць на вуліцы Перамогі, 40. Гэта прыватны будынак, у ім дагэтуль жывуць людзі. Памятную шыльду вырабіў мясцовы прадпрымальнік і краязнавец Мікалай Кавальчук. Фінансавала выраб кампанія «Гавары праўду». На ўрачыстае адкрыццё ў Ваўкавыск прыехалі паэты Уладзімір Някляеў і Міхась Скобла, сабралася грамада. За некалькі хвілін да пачатку цырымоніі Мікалая Кавальчука затрымала міліцыя і адвезла ў пастарунак. Шыльду садралі з будынка і сканфіскавалі. Міліцыя патлумачыла канфіскацыю тым, што Кавальчук незаконна ўсталяваў шыльду. А потым вуліца ўвогуле была перакрытая супрацоўнікамі газавай службы, якія казалі, што «ёсць праблемы». Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў пайшоў у пастарунак і дабіўся, каб Кавальчука выпусцілі. Кавальчук напісаў заяву ў міліцыю з нагоды канфіскацыі. Бо, паводле яго словаў, будынак — прыватны, і з гаспадарамі была дасягнутая дамоўленасць, дазволу ўладаў на ўсталяванне шыльды ў гэтым выпадку не патрабуецца. Намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама па ідэалогіі Ігар Кашкевіч кажа адваротнае. Паводле яго словаў, у райвыканкаме ёсць пісьмовая заява ад уласніка дома, сп. Трацяка, у якой ён выказваецца супраць усталявання шыльды. «Але і гэта не галоўнае. Перш, чым ставіць памятную дошку, неабходна выканаць некалькі пунктаў, каб усё было па законе. Найперш — правесці праект шыльды праз экспертна-мастацкую раду ў Гродне. Як мы нядаўна праводзілі памятны знак да юбілею Грунвальда. А ад ініцыятараў шыльды па Геніюш — анічагуткі, ніякіх дакументаў. Адзін раз прыйшоў Кавальчук, яму адказалі — і ўсё». Супраць асобы Ларысы Геніюш, па словах спадара Кашкевіча, у райвыканкаме нічога не маюць супраць: «Яна — наша зямлячка, выдатная паэтка, і яна — за Беларусь. Як мы можам быць супраць?» Міліцыя заявіла, што шыльда будзе затрыманая да суда, які высветліць, хто і з якой мэтай усталёўваў мемарыяльную дошку. Варта адзначыць, што ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Мінгарвыканкама нам адказалі, што няма такога нарматыўнага акта, паводле якога ўласнік прыватнага дому мае пытацца дазволу на ўстаноўку шыльды ў сябе на хаце. На практыцы гэта пацвярджае прыклад прыватнага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах: «У мяне вакол хаты 80 помнікаў, і з мяне ніхто ніколі не патрабаваў дазволу», — кажа энтузіяст.
Наша Ніва http://nn.by
|