ПРАСЯКНУТЫ МЯЦЕЖНЫМ ДУХАМ...

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 530 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.6%UNITED STATES UNITED STATES
25.8%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

ІГАР СЦЯПУНІН

 

«ПРАСЯКНУТЫ МЯЦЕЖНЫМ ДУХАМ...»

 

На пачатку 1863 года многія паветы Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі ахоплены сялянскімі хваляваннямі. У данясеннях уладам адзначалася, што сяляне «не выконваюць сваіх абавязкаў у дачыненні да памешчыкаў, не выходзяць на працу і адмаўляюцца плаціць ім чынш за карыстанне зямлёю», «ухіляюцца ад выплаты грашовай павіннасці», «у некаторых маёнтках, збіраючыся ў вялікай колькасці, самавольна высякаюць памешчыцкія лясы і косяць сена, на забарону... адказваюць пагрозамі засекчы забаронцаў сякерамі і косамі». Узрушаныя агітацыяй «зламысных асоб», сяляне кажуць: «Даволі памешчыкам уладарыць над намі, цяпер надышла чарга нам распараджацца», «трэба перарэзаць усіх памешчыкаў і чыноўнікаў», таму што «тады надыдзе новая эпоха жыцця і будзе поўная воля». Сяляне нападаюць на памешчыцкія маёнткі, на валасныя ўправы, знішчаюць падатковыя паперы. На ўціхамірванне «бунтаўшчыкоў» улады пасылаюць паліцэйскія і воінскія каманды, роты казакоў, але сяляне мужна супраціўляюцца.

У сувязі з гэтымі падзеямі віленскі генерал-губернатар Мураўёў-вешальнік 2 верасня 1863 года дасылае віцебскаму губернатару дакумент «Аб прыняцці мер па ліквідацыі рэвалюцыйных камітэтаў, што існуюць у гарадах і паветах губерні». Паводле сцвярджэння Мураўёва, «улады ад рэвалюцыйных камітэтаў» (так царскі кат называў рэвалюцыянераў-дэмакратаў) вядуць падрыўную работу, падбухторваюць беларускіх сялян да бунту і непадпарадкоўвання ўладам 2.

12 жніўня 1863 года магілёўскаму губернатару было паслана спецыяльнае распараджэнне: выявіць «людзей, якія найбольш вылучаюцца мяцежным духам і няскоранасцю ўладзе». Магілёўская следчая камісія ў сваім рапарце 16 снежня 1863 года пералічвае шэраг прозвішчаў, і сярод іншых названы «Людвіг Тапор (псеўданім)»3

На гэтага «псеўданіма» канцылярыя віленскага генерал-губернатара завяла цэлую справу, з якой выявілася, што «пад фальшывым імем Людвіга Тапара ў мяцежніцкую шайку» ўвайшоў капітан генеральнага штаба Людвіг Міхайлавіч Звяждоўскі (Звярждоўскі або Жвірждоўскі). Канцылярыя паведамляе і кароткія біяграфічныя звесткі пра гэтага «асабліва небяспечнага злачынцу»: «дваранін Віленскай губерні, рымска-каталіцкага веравызнання, скончыў курс навук у Галоўным інжынерным вучылішчы і Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба, капітан асобага грэнадзёрскага корпуса Генеральнага штаба, старшы ад'ютант камандуючага войск Віленскай ваеннай акругі»4.

Займаючы такую высокую пасаду, Звяждоўскі быў цесна звязаны з пецярбургскімі, маскоўскімі, казанскімі рэвалюцыйнымі коламі «Зямлі і волі», з рэвалюцыйнай арганізацыяй «Велікарус» і Камітэтам рускіх афіцэраў у Польшчы. Яго блізкімі сябрамі былі рэвалюцыянеры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі, Яраслаў Дамброўскі (пазней генерал Парыжскай камуны), Андрэй Патабня. Праз Серакоўскага Звяждоўскі знаёміцца з многімі супрацоўнікамі някрасаўскага «Современника», прымае актыўны ўдзел у рабоце нелегальных рэвалюцыйных гурткоў, сустракаецца з Кастусём Каліноўскім і Валерыем Урублеўскім. Будучы адным з ініцыятараў стварэння Літоўскага правінцыяльнага камітэта, Звяждоўскі асабліва актыўна выступаў на ваенных нарадах за хутчэйшае разгортванне паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі, гаворыць пра неабходнасць прыцягнуць на бок паўстанцаў большую частку рускага афіцэрства.

У верасні 1862 года Звяждоўскага нечакана пераводзяць з Вільні ў Маскву – яго западозрылі ў прыналежнасці да рэвалюцыйнага таварыства. А ў красавіку 1863 года ён самавольна пакідае ваенную службу, едзе з Масквы, праз Смаленск, на Магілёўшчыну, каб прыняць удзел у паўстанні, займае пасаду ваеннага начальніка Магілёўскага ваяводства.

Канцылярыя віленскага генерал-губернатара завяла «Справу аб выключэнні са службы Генеральнага штаба капітана Жвірждоўскага, які адлучыўся ў мяцеж». 24 чэрвеня 1863 года канцылярыя асобага аддзела рапартавала: «Прапанавана Віленскаму праўленню неадкладна распарадзіцца аб узяцці ў секвестр дома выключанага са службы Генеральнага штаба Жвірждоўскага... а таксама аб адшуканні і накладанні секвестру на ўсе пісьмы і капіталы, што могуць належаць яму»1.

З'яўленне Звяждоўскага ў красавіку 1863 года на Магілёўшчыне азнаменавалася важнымі падзеямі.  Паўстанцам быў перададзены транспарт з боепрыпасамі і рыштункам. У фальварку Літвінава, што належаў ад'ютанту Звяждоўскага паручніку 3. Міткевічу, фарміраваліся спецыяльныя атрады са студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута, з афіцэраў, дробных чыноўнікаў, аднадворцаў, рыхтавалася зброя, назапашваўся хлеб, збіраліся грошы.

24 красавіка паўстанцы захапілі мястэчка Горы-Горкі. Усё наваколле мястэчка ператварылася ў галоўны апорны пункт па далучэнні да паўстання беларускіх сялян. Задача была вельмі нялёгкая. Звяждоўскі разумеў, што адвечная нянавісць прыгонных «хлопаў» да прыгнятальнікаў-паноў нараджала недавер да дваран – кіраўнікоў паўстання. Царскія ж улады, карыстаючыся гэтым, настройвалі сялян супроць «мяцежнікаў, якія злачынна ўзнялі зброю супроць законнага ўрада». Усё гэта прыводзіла да таго, што сяляне, не разабраўшыся, часта нападалі на шляхціцаў-паўстанцаў як на сваіх класавых ворагаў, «звязвалі іх і аддавалі земскай паліцыі»2.

Ведаючы, што беларускія сяляне вельмі ўзлаваныя на ўсё памешчыцкае саслоўе, Звяждоўскі, паводле сведчання 3.Міткевіча, прадпісваў сваім паплечнікам: «сабраць усё здольнае да паўстання, павесіўшы некалькі памешчыкаў, якія найбольш прыгняталі сялян, і тым схіліць мужыкоў далучыцда да яго шайкі»3. Сам выхадзец з дробнапамесных дваран (нарадзіўся ў сям'і калежскага рэгістратара), Звяждоўскі не меў ніякіх сімпатый да пануючых класаў. На яго думку, памешчыкі дбалі толькі пра абарону сваіх саслоўных інтарэсаў, а рэвалюцыйнай справе маглі адно шкодзіць. Таму паўстанцы Звяждоўскага заахвочвалі і ўсяляк распальвалі антыпрыгонніцкія настроі сярод беларускіх сялян, заклікалі бязлітасна распраўляцца з панамі і нават самі ўдзельнічалі ў нападах на памешчыцкія маёнткі.

Звяждоўскі і яго аднадумцы таксама умела выкарыстоўвалі незадаволенасць народных мас грабежніцкай рэформай 1861 года і заклікалі сялян не падначальвацца царскім уладам, забіваць жандараў косамі і сякерамі, спальваць падаткавыя дакументы.

Разам з тым Звяждоўскі разумеў, што сяляне, выступаючы супроць памешчыкаў, верылі ў «добрага цара». Таму ён ставіў перад сабой задачу растлумачваць народу, што менавіта цар і ёсць галоўны памешчык, а значыць – вораг народу. У дыспазіцыі-распараджэнні ваявода Тапор патрабаваў ад паўстанцаў: «У вёсках і мястэчках чытаць нацыянальныя маніфесты і ўцягваць народ у барацьбу». Пасля захопу Горак Звяждоўскі, «у мундзіры і эпалетах з аксельбантамі Генеральнага штаба», верхам на шэрым кані, выступіў перад жыхарамі мястэчка і абвясціў, што «паўстанцы ваююць за іх, г. зн. мужыкоў, хочуць даць ім поўную волю». Таму сяляне «не павінны нікому плаціць падаткаў, даваць рэкрутаў паводле царскага патрабавання, адбываць паншчыну, зямля цяпер належыць сялянам»1. Падобныя ж гутаркі Звяждоўскі наладжваў з сялянамі, калі яго атрады адыходзілі з Горак. Прыклад з ваяводы бралі яго блізкія паплечнікі – Я. Жукоўскі (Каса), I. Анцыпа і іншыя. Праходзячы праз шматлікія вёскі Магілёўскай губерні, паўстанцы абвяшчалі, што сяляне «ўжо зусім вольныя ад усіх павіннасцей, якія дагэтуль ляжалі на іх, ніхто не мае права спаганяць з іх ні падаткаў, ні прыгону, а калі аканом і стараста ад гэтага дня будуць патрабаваць ад сялян якіх-небудзь паслуг па эканоміі або выплаты падаткаў ды іншых грашовых збораў, дык яны за гэта атрымаюць кулю ў лоб».

Праходзячы праз вёску Лісічына, паўстанцы «чыталі абуральны маніфест», у якім гаварылася, што зямля аддаецца сялянам разам з поўнаю воляй, «а старшыне пагражалі вісельняй, калі ён будзе аддаваць якія-небудзь загады»2.

Не абмяжоўваючыся вуснай прапагандай, Звяждоўскі і яго аднадумцы распаўсюдзілі сярод пісьменнай часткі насельніцтва Віцебскай і Магілёўскай губерняў «некалькі экзэмпляраў абуральнага сачынення «Мужыцкая праўда» з намерам, пэўна, усхваляваць сялян». У газеце было нямала заклікаў да сялян дружна ўстаць разам за вольнасць, спяшацца з віламі ды косамі туды, дзе здабываюць волю ды праўду.

Шмат у якіх паветах Віцебскай і Магілёўскай губерняў распаўсюджваліся таксама «пісьмовыя адозвы да сялян, якія ўздымалі іх супроць памешчыкаў», і «экзэмпляры фалынывага маніфеста» «аб дараванні сялянам поўнай волі з прадастаўленнем усёй зямлі ў поўную ўласнасць».

Агітацыя Звяждоўскага і яго аднадумцаў, вусная і пісьмовая, дасягала сваёй мэты. У мясцінах, праз якія праходзілі атрады паўстанцаў, сяляне перасталі «выконваць ускладзеную на іх за зямлю павіннасць», адмаўляліся адбываць паншчыну і плаціць падаткі. «Падбадзёраныя поўнаю свабодай і незалежнасцю ад улад», яны сустракалі паўстанцаў Звяждоўскага хлебам і соллю, «дзякавалі мяцежнікам, цалавалі ім рукі, урачыста праводзілі іх да лесу». Некаторыя сяляне актыўна дапамагалі паўстанцам і нават добраахвотна ўступалі ў атрад 3.

У прадпісанні віленскага ваеннага генерал-губернатара Мураўёва начальніку Магілёўскай губерні Беклямішаву за 4 кастрычніка 1863 года адзначалася, што «дзяржаўная сялянка Горацкага павета Магілёўскай губерні Барысава Марыя прызнана вінаватай у дастаўцы ежы мяцежнікам, якія хаваліся ў лесе»4. За саўдзел у паўстанні жанчыну адправілі ў ссылку ў Томскую губерню.

У данясенні дзячка Садоўскага прыставу трэцяга стана Лепельскага павета Віцебскай губерні за 26 сакавіка 1863 года гаварылася: «У Ветранскім грамадстве, мястэчку Ветрана гэтага стана жыве селянін маёнтка Куровічы выдатны слесар Стэфан Іваноў, які займаецца адметным у цяперашні час выключным вырабам агнястрэльнай зброі і іншых ваенных снарадаў, маючы намер удзельнічаць у польскім паўстанні супроць урада»5. Лёс гэтага селяніна-самавука застаўся невядомы.

Актыўна далучаючы сялян да паўстання, Звяждоўскі і яго аднадумцы ставілі перад сабой вялікія задачы. Ваявода казаў сваім паплечнікам, што вайна з царскімі ўладамі павінна мець партызанскі характар. Паўстанцам трэба дзейнічаць асобнымі атрадамі ў пракаветных беларускіх лясах. Змагаючыся на роднай зямлі, партызаны маюць важныя перавагі – тут вядомыя кожная сцяжынка, кожная схованка. Атрадам належыць умела манеўраваць, «нідзе больш як на суткі не затрымлівацца, пераходзіць з месца на месца хутка і на вялікія адлегласці», «непакоіць ворага, раптоўна нападаць на больш слабога, адступаць перад сіламі, якія пераважаюць, каб не мець вялікіх страт, наладжваць засады, весці разведку, нападаць на транспарты, пошту, дыліжансы», «намагацца парушаць шляхі зносін», «спальваць усе справы канцылярый судоў земскага, павятовага і інш.», «там, дзе дазволяць сілы і абставіны, браць павятовыя гарады, разганяць адміністрацыю... і ўсталёўваць сваю».

Як сведчыць у сваіх паказаннях 3. Міткевіч, начальнік Магілёўскага ваяводства хацеў стварыць шматтысячную сялянскую армію і правесці яе ў глыб Расіі, «каб не дазволіць карыстацца правамі выключна аднаму дваранству, а даць аднолькавае права і ўсім іншым саслоўям, дзеля чаго план дзеянняў сваіх ён мае намер пашырыць ажно да Волгі». Паўстанцкая армія павінна была злучыцца з рускімі рэвалюцыйнымі атрадамі Андрэя Патабні і іншых удзельнікаў рэвалюцыйнай арганізацыі «Зямля і воля», прайсці праз Смаленскую, Цвярскую і Маскоўскую губерні, выйсці на правы бераг Волгі і ўсюды ўзнімаць сялян на паўстанне.

Звяждоўскі марыў пра блізкую рускую рэвалюцыю. Таму ён надаваў вялікае значэнне ваеннаму саюзу рэвалюцыйных сіл Расіі, Літвы, Беларусі і Польшчы для сумеснай барацьбы з царскім самадзяржаўем.

Падтрымліваючы сяброўскія адносіны з рэвалюцыйнай групай «Зямля і воля», Звяждоўскі і яго аднадумцы рассылаюць атрыманыя з Пецярбурга друкаваныя адозвы на рускай мове, каб, як паведамляў віцебскі грамадзянскі губернатар Аголін лепельскаму спраўніку Радкевічу 23 лютага 1863 года, «схіліць рускіх на карысць абураных палякаў і адхіліць афіцэраў і салдат нашай арміі ад выканання службовага іх абавязку». У адозвах да салдат гучыць заклік «пакінуць палякаў у спакоі», павярнуць зброю супроць царскіх дваран і памешчыкаў і ісці «вызваляць рускі народ». У пракламацыях да афіцэраў гаварылася пра асаблівую неабходнасць «рыхтавацца і рыхтаваць да паўстання салдат на захадзе і поўначы», «згуртавана, з усіх ускраін» пайсці ў глыб Расіі дзеля звяржэння ненавіснага самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу. Падобныя пракламацыі распаўсюджваліся шмат у якіх паветах Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Існавалі нават спецыяльныя друкарні «для распаўсюджвання рэвалюцыйнага часопіса «Зямля і воля». «Абуральныя адозвы» знаходзілі ў салдацкіх казармах 2.

Аднак спробы далучыць да паўстання армейскія падраздзяленні не ўдаліся. Пасланыя царскімі ўладамі з Магілёва рэзервныя батальёны, гвардзейскія пяхотныя і кавалерыйскія палкі, гусарскія брыгады перакрылі Звяждоўскаму шлях на Краснае і Смаленск. А ў Гарадоцкім павеце «на ўсёй мяжы Полацкага павета» размясцілася рота салдат «дзеля перахопу ўзброеных падазроных асоб, што з'яўляюцца з Полацкага павета»3.

Няўдачай скончылася спроба Звяждоўскага перацягнуць на свой бок усіх сялян Усходняй Беларусі. Дазнаўшыся, што атрады блізкіх сяброў I. Будзіловіча і Я. Жукоўскага разбітыя пад Красным, магілёўскі ваявода вырашыў прарвацца ў Мінскую губерню, але пад Прапойскам яго нагналі царскія карнікі. Не маючы магчымасці прарваць акружэнне, Звяждоўскі распусціў атрад, а сам выехаў у Польшчу.

Царскія карнікі расстралялі паплечнікаў Звяждоўскага I. Анцыпу, Ф. Грыневіча, К. Жаброўскага і I. Будзіловіча. 3. Міткевіча прысудзілі да пазбаўлення правоў і ссылкі на 15 гадоў на катаржныя работы ў рудніках. Толькі Я. Жукоўскаму ўдалося знікнуць.

Суровыя рэпрэсіі спасціглі і паўстанцаў – студэнтаў Горы-Горацкага інстытута А. Сакалова, Я. Казела, М. Чудоўскага, М. Бржазінскага, I. Ляпкоўскага, Э.Дзердзялеўскага. Іх пазбавілі дваранскага звання і саслалі на катаржныя работы. Пацярпеў і прафесар таго ж інстытута А. Казлоўскі, «які меў дачыненне да справы аб палітычных парушэннях парадку ў Горках». Яго звольнілі з пасады, забараніўшы пражыванне ў заходніх губернях.

Трагічна абарвалася жыццё і галоўнага кіраўніка паўстання ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. Пакінуўшы Беларусь, Звяждоўскі працягваў барацьбу з царскім самадзяржаўем ужо на тэрыторыі Польшчы. У лютым 1864 года ён быў прызначаны начальнікам Сандамірскага ваяводства. Са сваімі атрадамі Звяждоўскі спрабаваў захапіць горад Апатаў, але быў цяжка паранены, узяты ў палон і пакараны смерцю 11 лютага 1864 года.

Рэакцыйныя пісьменнікі рабілі ўсё, каб утаптаць у бруд светлае імя Звяждоўскага. Пра гэта сведчыць і карэспандэнцыя М. Каткова «Тыдзень беспарадкаў у Магілёўскай губерні», змешчаная ў «Русском вестнике» за 1864 год. Мужны кіраўнік паўстання паказаны тут нейкім авантурыстам і бандытам, які рабаваў беларускіх сялян.

Вельмі тэндэнцыйна намаляваны вобраз Звяждоўскага ў рамане I. Лажэчнікава «Унучка панцырнага баярына», што ўпершыню быў надрукаваны ў часопісе «Всемирный труд» за 1868 год. Рэвалюцыянер-дэмакрат і рэспубліканец паказаны тут ваяўнічым шляхціцам, які марыў адрадзіць Рэч Паспалітую «ад мора да мора», у межах 1772 года, уключаючы беларускія і ўкраінскія землі. Сапраўдны інтэрнацыяналіст, які ўслаўляў сяброўства рускай і польскай рэвалюцыйнай дэмакратыі, выглядае на старонках рамана нейкім банапартыстам. Па волі аўтара ён марыць аб далучэнні да Польшчы трох рускіх губерняў – Смаленскай, Маскоўскай і Цвярской, аб тым, што пераможныя шляхецкія сцягі будуць лунаць над сценамі Маскоўскага Крамля і на правым беразе Волгі. А сцэны змовы беларускай і польскай шляхты, дзе Звяждоўскі гаворыць, што паўстанцы заваююць усю Расію, зробяць тое, чаго не здолеў зрабіць Напалеон Банапарт са сваёй «вялікай арміяй», былі, паводле слоў Салтыкова-Шчадрына, «сцэнамі выдуманымі і зусім не адпавядалі сапраўднасці»1.

Надзвычай тэндэнцыйная ацэнка Лажэчнікавым дзейнасці Звяждоўскага тлумачыцца тым, што аўтар вядомых гістарычных раманаў «Ледзяны дом», «Басурман», «Апошні Новік», жывучы ў Віцебску з чэрвеня 1853 да кастрычніка 1854 года, меў магчымасць сабраць выдатны этнаграфічны матэрыял пра побыт беларускага сялянства, і пра гэта ён мог пісаць з поўным веданнем справы. Аднак пісьменнік не меў магчымасці вывучыць сакрэтныя архіўныя матэрыялы аб бурных падзеях 1813 года ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. Пра ўсё гэта, як сведчыць сам Лажэчнікаў, ён меркаваў, зыходзячы са слоў знаёмага царскага чыноўніка, прысланага ў Слуцк «з унутраных губерняў Расіі»2. Чыноўнік гэты, вядома, не мог даць правільнай гістарычнай інфармацыі. Апроч таго, раманіст, як іранічна заўважае Салтыкоў-Шчадрын, «не быў асабіста сведкам нарад польскіх паўстанцаў», ён некрытычна ставіўся да карэспандэнцый Каткова і іншых рэакцыйных белетрыстаў. Таму ў сваім рамане пісьменнік не змог даць праўдзівай і аб'ектыўнай ацэнкі дзейнасці Людвіга Звяждоўскага.

М. Я. Салтыкоў-Шчадрын невыпадкова выступіў у абарону вядомага рэвалюцыянера-дэмакрата. Пісьменнік вельмі адмоўна ацэньваў каланізатарскую палітыку царскага ўрада, услед за А. Герцэнам і М. Агаровым крытыкаваў «злачыннае катавальніцтва» царызму ў Польшчы, Літве і Беларусі пасля падаўлення паўстання 1863 года, заўсёды адкрыта спачуваў тым рэвалюцыянерам, якія «ішлі ўглыб і гінулі» за свабоду народа, ён гатовы быў «ісці ўслед за гэтымі людзьмі», быць у адным шэрагу са змагарамі супроць царскага самадзяржаўя 3. I таму ў Звяждоўскім ён бачыў свайго аднадумцу.

Імя ваяводы Тапара было блізкае і дарагое ўсёй рускай рэвалюцыйнай дэмакратыі.

 

Зноскі:

1 ЦДГА БССР, ф. 1430, воп. 1, адз. зах. 31268, арк. 98 – 99, адз. зах. 52183, арк. 270 – 270 адв.

2 Тамсама, адз. зах. 31268, арк. 65 – 66.

3 ЦДГА БССР, ф. 1, воп. 3, адз. зах. 148, арк. 1 – 2.

4 ЦДГА ЛітССР, ф'. 1248, воп. 2, спр. 677, арк. 202 – 206, 771, ч. 2, арк. 450 – 451.

1 ЦДГА ЛітССР, ф. 378, спр. 590, арк. 17.

2 ЦДГА БССР, ф. 1430, воп. 1, адз. зах. 31225. арк. 18. адз. зах. 52183, арк. 181 – 183.

3 Восстание в Литве и Белоруссии 1863 – 1864 гг. Материалы и документы – М. 1965, с. 488, 490.

' ЦДГА ЛітССР, ф. 1248, воп. 2, спр. 586, арк. 261 – 264, 677 а, арк. 189 – 190, 261 – 264.

2 Восстание в Литве и Белоруссии 1863 – 1864 гг., с. 475, 483.

3 ЦДГА ЛітССР, ф.-1248, воп. 2, адз. зах. 677, арк. 32 – 34.

4 ЦДГА БССР, ф. 1, воп. 3. адз. зах. 31, арк. 153.

6 ЦДГА БССР, ф. 1430, воп. 1, адз. зах. 31533, арк. 86.

' Восстание в Литве и Белоруссии 1863 – 1864 гг., с. 473, 490. 1 ЦДГА БССР, ф. 1430, воп. 1, адз. зах. 31533, арк. 30 – 34, 63. 3 ЦДГА ЛітССР, ф. 1248, воп. 2, адз. зах. 885, арк. 12—13. < ЦДГА БССР, ф. 1430, воп. 1, адз. зах. 31522, арк. 82.

1 Салтыков-Щедрин М. Е. Собр. соч. в 20 томах, т. 9. – М., 1970, с. 296.

2 Всемирный труд. 1868, № 1, с. 12.

3 Салтыков-Щедрин М. Е. Собр. соч., в 20 томах, т. 16, кн. 1. – М., 1974, с. 205.