НОВЫЯ НІТРЫХІ ЖЫЦЦЯПІСУ В. ДУНІНА МАРЦШКЕВІЧА

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 473 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.6%UNITED STATES UNITED STATES
25.8%CHINA CHINA
5.5%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
4%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.8%CANADA CANADA
2.6%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ

 

НОВЫЯ  НШТРЫХІ ЖЫЦЦЯПІСУ

В. ДУНІНА МАРЦІНКЕВІЧА

 

Мінула 180 гадоў ад таго дня, калі Марцыяна Нядзведская, другая жонка арандатара маёнтка Панюшкавічы, што ў Бабруйскім павеце, Яна Марцінкевіча падарыла мужу дзіця. На гэты раз хлопчыка. Першай была дачка Гэлена, старэйшая за брата на два гады. Зрэшты, Ян Марцінкевіч ужо меў дарослага сына Ігната ад першай жонкі, запісанага сярод шляхецкіх пасведчанняў Марцінкевічаў яшчэ ў 1795 годзе. Такім чынам, розніца паміж першынцам і немаўляткам у сям'і Яна складала добрых 13 гадоў.

Хлопчыка назвалі Вінцэнтам-Якубам. Другое імя ці не ў гонар ксяндза Ігната-Якуба Далівы-Садкоўскага, які паспяшаўся ахрысціць немаўля адразу ў дзень нараджэння, «з-за небяспекі для жыцця»: надта ж кволым яно прыйшло на свет. А можа, і ў гонар аднаго з прашчураў; у радаводнай Дунінаў-Марцінкевічаў Якубы трапляюцца досыць часта. А вось Вінцэнтаў – тых не было.

Мы пакуль што не ведаем, як гадаваліся дзеці, чым жыло сямейства Яна Марцінкевіча, ці доўга яшчэ затрымалася ў Панюшкавічах, калі памерлі бацькі. Вінцэнт, спрабуючы ў 24 гады давесці перад царскім урадам сваю шляхецкую герольдыю з дапамогаю сямейных дакументаў, называў сябе «з дзяцінства асірацелым»... Больш сістэматычныя звесткі пра будучага пісьменніка пачынаюцца ад 1828 года, калі дваццацігадовы Вінцэнт на казённай службе стаў здабываць кавалак надзённага хлеба. Мяркуючы з дакументаў, змешчаных Генадзем Кісялёвым у зборніку «Пачынальнікі», ох і несалодкай была служба! Ды і здароўе, якое, паводле чутак, перашкодзіла колісь Вінцэнту навучацца ў Пецярбургскім (паводле іншых звестак, Віленскім) універсітэце, не паляпшалася. Усё гэта разам са змрочнай грамадска-палітычнай атмасферай у царскай Расіі канца 30-х гадоў, калі ў афіцыйна дазволеных (з 1838 года) «Губернских ведомостях» усё яшчэ друкаваліся абвесткі пра канфіскацыю маёмасці экс-паўстанцаў 1831 года на Беларусі, а таксама акцыя прымусовага скасавання уніі падштурхнулі перакладчыка касцельных актаў пры Мінскай рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі Вінцэнта Марцінкевіча на рашучы ўчынак: кінуць горкі казённы хлеб і паспрабаваць, як колісь ягоныя бацькі, жыць з зямлі. Балазе надарылася прыемная аказія: 8 красавіка 1840 года Вінцэнт і ягоная жонка Юзэфа з Бараноўскіх набываюць ад Алойзія Сялявы, Юліі Скржатульскай і Паліны Янкоўскай ці не самы дробны ў Пяршайскай воласці фальварчык Люцінку1.

Выказваючыся коласаўскім афарызмам, «купіць зямлю, прыдбаць свой кут» Дунін-Марцінкевіч памкнуўся не толькі для ўтрымання вялікай сям'і (на той час Юзэфа нарадзіла ўжо ці не чацвёра дзяцей). Былі яшчэ свае патаемныя даўнія мары: ён прагнуў заняцца любай літаратурнай справай. Пачынаў трыццацігадовы Вінцэнт з драматычных твораў. Першыя вядомыя нам сёння яго камедыі акурат і ўзышлі на самым пачатку 40-х гадоў: «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Рэкруцкі яўрэйскі набор». На пастаноўку апошняй увосень 1841 года, пад час мясцовых шляхецкіх выбараў, адгукнуліся рэцэнзіяй нават «Минские губернские ведомости». А неўзабаве напісалася «Сялянка» («Ідылія»), пасля працяглай цэнзарскай валакіты аддрукаваная ў 1846 годзе віленскай друкарняй Юзафа Завадскага. Напісаная на змешанай польска-беларускай мове, камедыя стала першай друкаванай кнігай не аднаго Дуніна-Марцінкевіча, а ўсёй новай беларускай літаратуры.

З Люцінкай, на жаль, у Вінцэнта Марцінкевіча было звязана таксама ці не самае горкае і гнятлівае ў ягоным жыцці.

...Неяк гадоў восем назад, я, тады студэнт-трэцякурснік філфака універсітэта, працуючы ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве БССР, у фондзе Мінскага прыказа грамадскай апекі натрапіў на даволі ладную папку (156 аркушаў) дакументаў. На ёй было пазначана: «По объявлению помещиков Минского уезда Викентия Иванова и Юзефы Иосифовой Марцинкевичев о выдаче им под залог 10 душ имения Люцинки в ссуду сроком на 26 лет 700 руб. серебром» (Ф. 2, воп. I, адз. зах. 223). Выбраўшы найбольш яркія дакументы, памятаю, па намове Адама Мальдзіса, аддаў іх для літаратурнага альманаха «Спадчына», які тады рыхтаваўся. Пра павучальны лёс гэтага выдання ў нядаўнім артыкуле «Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена...» Ніл Гілевіч пісаў: «Шкодная традыцыя недаверу да навукова-аб'ектыўнага асвятлення гісторыі Беларусі яшчэ не пераадолена... Пераканальны доказ гэтага – лёс зборніка «Спадчына», які пяць гадоў назад ужо быў падрыхтаваны выдавецтвам «Мастацкая літаратура» і нават набраны, аднак жа свету так і не пабачыў... Калі б не ўмяшанне грубай дагматычнай сілы – тымчасове мелі б ужо на сёння пяць выпускаў штогодніка «Спадчына» (Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. М. 3, с. 41).

Неапублікаваныя дакументы я прынёс (займаючыся ўжо ў аспірантуры) у рэдакцыю часопіса «Весці АН БССР». Там іх з гатовых гранак і набіралі, праўда, скараціўшы да аб'ёму, прынятага ў часопісе.

Для высвятлення многіх момантаў у жыццяпісе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча знойдзеныя дакументы маюць вялікую каштоўнасць. Без перабольшання. Хаця б сваёй храналогіяй: справа была пачата 29 верасня 1847 і скончана 8 чэрвеня 1899 года, праз 15 гадоў пасля смерці пісьменніка. Адшуканая архіўная справа пачыналася з асабістай заявы. Прывяду пачатак гэтага дакумента:

«В Минский приказ общественного призрения Минского уезда помещиков Викентия Иванова и Юзефы Иосифовой Марцинкевичев

ОБЪЯВЛЕНИЕ

Представляя при сем в подлиннике свидетельство Минской палаты гражданского суда от 23 сентября сего года за №30/6214 на свободность имения нашего Люцынки, заключающего деревню того ж названия, писанных по нынешней 8-й ревизии 16-ть мужеска пола душ, из коих одна душа отпущена на волю, а семейство Грицкевичей с 5-ю душами начало отыскивать свободу, честь имею просить приказ общественного призрения, приняв в залог остальные 10 мужеска пола душ з землею, лесами, сенокосами и всеми без исключения по свидетельству показанными угодьями, назначить нам ссуду на 27-летний срок...»

I далей, на працягу паўстагоддзя, запісы ў журнале Мінскага прыказа грамадскай апекі, казначэйскія квітанцыі, аўтографы-распіскі сваякоў, знаёмых і самога пісьменніка раскрываюць цяжкую карціну матэрыяльнай нястачы ўладальнікаў Люцінкі. Спачатку Юзэфа, потым Вінцэнт і яго другая жонка Марыя адышлі на вечны спачын (Юзэфа памерла ў 1854 годзе, пахавана ў Мінску на Кальварыйскім цвінтары; Вінцэнт з Марыяй – на могілках у Тупальшчыне), а пазыка так і засталася нясплочанай, пакутліва лягла на плечы дзяцей. Апошнім часамі было гэтак нялёгка, што ў паліцэйскім упраўленні 2-га стана Мінскага павета, да якога належала Люцінка, не маючы іншага выйсця паўздзейнічаць на даўжнікоў, прымаліся захады да продажу фальварка. Тады ў справе з'яўляліся дакументы наступнага зместу:

«1886 года июля 24 дня я, нижеподписавшаяся наследница покойного помещика имения Люцинки Минского уезда Викентия Иванова Марцинкевича, дала сию расписку приставу 2-го стана Минского уезда в том, что отношение Минского отделения государственного банка от 10 июля за № 4315, изложенного в оном, что подлежащей ко взносу на срок 20 апреля сего года недоимки по займу, произведенному из бывшего Минского приказа общественного призрения, уплатить немедленно и что в случае неуплаты таковой будет сделано распоряжение об описи и продаже им[ения] Люцинки, мне сего числа объявлено. В чем расписалась наследница

Цезарина Викентьевна Марцинкевич».

Пададзеныя эскізна дакументальныя малюнкі ўмоў жыцця ў Люцінцы сведчаць, што не такія ўжо вялікія паны былі тыя Марцінкевічы. Не ведаючы гэтага, непадрыхтаваны чытач быў бы здзіўлены ўступам пісьма Дуніна-Марцінкевіча, адрасаванага восенню 1868 года вучонаму Яну Карловічу:

«Шаноўны пане!

Праўдзіва! З вялікай-вялікай прыемнасцю паціснуў я ў думках працягнутую мне пачцівую руку супрацоўніка на ніве народнай літаратуры. Мне тым прыемней было чытаць словы Вашага пісьма, бо яно пададзена мне было на полі ў хвіліну, калі на загоны маёй малюсенькай раллі найпразаічней раскідваў я кіёчкам (kijaszkiem) гной, каб – дасць Бог! на будучае лета мець лепшы ўраджай, бо гэты год – на жаль! фатальна мяне падвёў».

Можна дапусціць, што «пан Марцінкевіч» не сам трос гной, каб урабіць няўдобіцу пад будучы плён (з увагі на яго шаноўны ўзрост). Аднак цяжка ўявіць Дуніна-Марцінкевіча ў паставе філантропа, які, нібы войт, цікуе за працай дваровых, паляпваючы па халявах бізуном ці лёстачкай. Балазе ўжо і афіцыйна прыгон быў адменены 7 гадоў перад тым, а самі сяляне пры гэтым яшчэ і дапамаглі свайму пану неяк зменшыць няшчасную пазыку ў Мінскім прыказе грамадскай апекі. Як сведчаць вышэйзгаданыя архіўныя дакументы, у ліпені 1866 года «главное выкупное учреждение... утвердив выкупной акт по имению Люцынка Минской губернии и уезда помещиков Викентия Ивановича и Юзефы Иосифовны Марцинкевичей в числе 8 душ, разрешило причитающуюся крестьянам под выкупаемую землю в количестве 24 дес[ятин] 2202 саж[ней] выкупную ссуду 223 руб. 84 коп.» залічыць як частку платы за пазыку Марцінкевічаў у прыказе грамадскай апекі.

Невядомы ліст Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча да славутага этнографа, фалькларыста, музыказнаўцы Яна Карловіча адшукаўся пад час майго наведвання летам 1985 года архіваў і кнігасховішчаў старажытнага Львова. У фондзе Яна Карловіча, які захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Львоўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкі імя В. Стафаніка Акадэміі навук Украінскай ССР, былі выяўлены аўтографы (усе – на польскай мове) і іншых беларускіх літаратараў і вучоных. Але гаворка цяпер не пра іх, а пра пісьмо Дуніна-Марцінкевіча. Як можна меркаваць з уступу і далейшага зместу, яно – першае (або ў ліку першых) з адрасаваных Беларускім Дударом тады яшчэ маладрму вучонаму, Марцінкевіч пісаў: «Чытаючы цёплыя, братэрскія словы пана, узяў мяне пусты смех, – падумаў у душы: «Мілы мой Божа! Дзесь там у Бруксэлі друкуюць мае вершаванні (wierszydła), а я тут крывавым потам урабляю празаічнейшую ад літаратарскай ніву, каб здабыць з яе хлеб не для душы, а для цела. Аднак досыць тых нараканняў – прыступім да справы».

Перш чым цытаваць ліст, далей, заўважым, што прыемная навіна, якая была паведамлена Карловічам і якую пісьменнік успрыняў як для такой падзеі даволі скептычна, для нас сёння гучыць проста сенсацыйна: за чвэрць стагоддзя да выхаду кракаўскай «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча, з'яўленню якой мы таксама абавязаны Яну Карловічу, малады вучоны ўжо снаваў планы выдання роднай літаратуры за мяжой, у абыход царскай драконавай цэнзуры, што пасля задушэння паўстання 1863 года на Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага лютавала ўсё больш і больш. Цяпер ужо нашы даследчыкі вымушаны ў арбіту сваіх еўрапейскіх пошукаў поруч з Польшчай, Чэхаславакіяй, Італіяй, Швецыяй уключаць і Бельгію, каб паспрабаваць выявіць сляды, ступень верагоднасці выдання там твораў Дуніна-Марцінкевіча.

«Найперш, – пісаў Дунін-Марцінкевіч, – хачу высветліць перад панам мэту, дзеля якой я горача заняўся апрацоўкай народнай нівы. Заўважаючы, на жаль! як малодшыя браты адной і той жа маткі, часткова, можа, і слушна, аднак не з агульнай віны, апошнімі часамі пачалі мацней выказваць да старшай брацці сваёй здаўна ўжо закаранелую ў сваіх сэрцах нянавісць, якую людзі злой волі, карыстаючыся з іх цемнаты, стараліся хлуслівым нашэптваннем яшчэ больш раздзімаць, адзіны сродак збліжэння паміж сабою тых дзвюх супрацьлеглых стыхій бачыцца мне ў адукацыі першых. Дзякуючы ёй наш сляпы селянін стане відушчым, спазнае, што часта былы пан яго, сёння прыціснуты з усіх бакоў рознымі матэрыяльнымі цяжкасцямі (цяпер здагадваемся, што меў на ўвазе Дунін-Марцінкевіч! – Я. Я.), прагнучы атрэсціся з іх, часамі міжволі злоўжываў над ім сваёй уладай. Аднак прыспешыць наш люд, ад прыроды разгультаены і здэмаралізаваны, да асветы – гэта ўсё роўна, што прутком горы перакульваць. Таму найшло мне на думку заахвоціць яго да такой апавяданейкамі з яго хатняга жыцця, на яго ўласнай мове напісанымі. Дзеля таго толькі друкаваў іх польскімі літарамі, выракаючыся ўсялякіх эстэтычных форм, тут жа побач змяшчаў зусім простыя, даступныя ўяўленням яшчэ неакрэсленым, польскія апавяданейкі і ўласныя вершыкі – дзеля таго толькі, каб цёмны мужык, зацікаўлены паданнямі на ўласнай яго гаворцы распрацаванымі, з ахвотай вучачыся польскіх літар, мог чытаць урыўкі з уласнага жыцця, вучыўся адначасова і польскай айчыннай літаратуры (...). Няхай, аднак, не злуе пана, калі ў маіх творах напаткаеце усяго толькі quasi2 польскай паэзіі, абдзёртую з усялякіх форм эстэтыкі – я, пішучы апавяданейкі не для дактароў філасофіі, а для сялян, прыбіраў тых дзетак майго духу не ў эстэтычныя сукенкі, а ў простыя народныя сярмяжкі, каб цёмны той народ не баяўся з імі пазабаўляцца».

Зразумела аднак, што не для выслухоўвання адно сентэнцый-тлумачэнняў патрыярха сялянскай літаратуры пісаў свой ліст у Люцінку Ян Карловіч. Яму спатрэбіліся звесткі пра ўсё, што выдаў і над чым працуе цяпер люцінскі самотнік (верагодна, з мэтай пераслаць у бельгійскую друкарню). У рэтраспектыўным аглядзе ўласнай творчасці, зробленым Дуніным-Марцінкевічам і ў асноўным нам сёння добра вядомай, сустракаюцца і новыя нечаканыя дэталі.

«Найпершае маё дзіцятка, – паведамляў Вінцэнт Марцінкевіч, – што з'явілася на свет, была «Ідылія», камедыя-опера (мешаніна гаворак). Пан яе знойдзе ў кнігарні Завадскага, таму што ім была выдадзена. –  2. «Гапона» пан маеш. – 3. «Цікаўны? – Прачытай! або Купала» пашукай пан у кнігарні Альгебранта. – 4. «Дудара» пану дасылаю; таксама не праміну прыслаць «Вечарніцы», якіх сёння пад рукою не маю, але дастану. – 5.        «Люцынка» (якая дасылаецца) мелася быць друкаванай разам з народным апавяданнем «Каранацыя», ды, на жаль! апошняе не прапушчана цэнзурай, таму зусім адна ў свет павандравала. – 6. Пераклад «Пана Тадэвуша», поўнасцю скончаны, спрабаваў друкаваць у Сыркіна, але дзве першыя песні выйшлі так убога, што ў мяне апусціліся рукі; да таго ж яшчэ міністр забараніў друкаваць польскімі літарамі. Знайшлася, праўда, адна асоба, якая прыняла на сябе клопат друкавання перакладзенага «Тадэвуша» ў Бруксэлі. Даў я (праз асцярожнасць) копію і добра зрабіў, бо дасюль ад тэй асобы ані слуху не чуў. На шчасце, застаўся ў мяне арыгінал перакладу, якога першы том прайшоў праз цэнзуру, а другі том пры вобыску быў у мяне забраны і беззваротна знік. Дык вось, калі пан маеш сувязі з віленскай цэнзурай, дык папрасі там экземпляр дзвюх першых песняў; іх там шмат пад сталом валяецца. Бо, як друкаваныя польскімі літарамі, па загаду міністра былі канфіскаваныя. Калі Вы там не дастанеце, дык прашу звярнуцца да п. Аляксея Вішнеўскага, які жыве ў доме біскупа Красінскага; ён, здаецца, мае экземпляр, а таму Вам уступіць. У Лідзе ў павятовага доктара Цывінскага ёсць мой уласны, які, пры прад'яўленні гэтага пісьма, дасць Вам перапісаць, а Вы, пасля скапіравання, зробіце ласку мне яго адаслаць. Наступныя песні 1-га тома буду даваць пану (для перапісвання) з умовай, каб пан праз тую ж самую аказію (не праз пошту) мне адсылаў, бо гэта памятка маёй працы мне дарагая, а копіяў я ўжо не маю. Аб прысылцы Вашых прац прашу найласкавей, яны будуць захоўвацца сярод дарагіх майму сэрцу памятак побач з памяткамі ад Крашэўскага і нябожчыка Кажанеўскага».

Прозвішчы асоб, названыя Дуніным-Марцінкевічам у лісце да Яна Карловіча, даследчыкам творчасці пісьменніка вядомыя. Амаль усе яны згадваюцца ў «Спісе падпісчыкаў» на беларускі пераклад паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». А вось тое, што Дунін-Марцінкевіч давёў пераклад да канца, у гэтым некаторыя літаратуразнаўцы сумняваліся. Тым прыемней цяпер ведаць усю праўду. Таксама выклікае захапленне новы ланцужок сувязі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з польскай літаратурай XIX стагоддзя, са славутым аўтарам «Карпацкіх горцаў» Юзафам Кажанеўскім. Значыцца, новы штуршок да пошукаў: нашым даследчыкам варта прагледзець у Польшчы асабісты архіў Кажанеўскага.

На заканчэнне Дунін-Марцінкевіч называе і новыя творы, што выйшлі з-пад ягонага пяра нядаўна: «Акурат з нашых краёў едзе адзін пачцівы шляхціц, які ўручыць пану «Дудара» і «Люцынку», а да Вішнеўскага вязе на прачытанне «Пінскую шляхту» і «Правінцыяльныя нарысы»; пазнаёмцеся з пачцівым Вішнеўскім і, пакуль шляхціц выедзе з Вільні, збярыцеся ў хатняе кола, супольна прачытайце гэту пісаніну, дайцё пра яе сваё меркаванне разам з вяртаннем тых твораў. Вы будзеце вельмі рады знаёмству з Вішнеўскім, і ён нямала, а асабліва наш агульны прыяцель Мамэрт Рэніэр. Магу даць Вам матэрыялы да народнай літаратуры, у Рэніэра Вы, можа, і «Купалу» знойдзеце.

Сардэчна абдымаю Вас і, чакаючы прац Вашых і пісьмовай размовы, застаюся з павагай

брат і слуга

В. Марцінкевіч

15-га 7-bra 3

Люцінка».

Магчыма, якраз хтосьці з прыгаданых асоб пакінуў узнёслы запіс на апошняй старонцы аўтарскага экземпляра «Пінскай шляхты», што захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР у Вільнюсе. Па-польску: «Брава, брава, брава! Вельмі ўдала паказаны характер увогуле ўсяго асяроддзя Кручковых, якіх сёння спатыкаем на кожным кроку па некалькі». I далей ужо на рускай мове:

«Браво автору даю

И прочесть что нового желаю».

З невядомых прычын Ян Карловіч не спяшаўся адказваць на пісьмо Дуніна-Марцінкевіча, і пісьменнік у поўнай разгубленасці ад маўчання вымушаны быў паслаць з Люцінкі «надзейнай аказіяй» яшчэ адно кароценькае лісцянятка – 15 лістапада. На пісьмах год не пазначаны, але зробленая Карловічам на адным з канвертаў паметка «Адпісаў на абодва 18 студзеня 69 г.» дае падставу лісты Дуніна-Марцінкевіча датаваць 1868 годам. Акурат у гэты час паэт скончыў 1-ю частку паэмы «З-над Іслачы, або Лекі на сон», якую першапачаткова мог назваць «Правінцыяльнымі нарысамі». Але гэта гіпотэза, яе трэба даказаць, што, магчыма, і будзе здзейснена неўзабаве нашымі даследчыкамі.

 

Зноскі:

1 У дакументах напісанне маёнтка дваякае: Люцынка і Люцінка. Я кіраваўся вымаўленнем мясцовых жыхароў: Люцінка. Дунін-Марцінкевіч, згодна з польскай транскрыпцыяй, усюды ўжываў Люцынка.

2 quasi (лат.) – прыблізнасць, падабенства, уяўяасць.

3 7-bra—septembra, г. зн. верасня.