Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 70 госцяў анлайнЁн аставіў свой след… |
Анатоль Яўхімавіч Белы – выдатны дзеяч культурна-асветніцкай дзейнасці ў Беларусі, вядомы калекцыянер. Мне прыходзіцца пісаць гэтыя радкі пра чалавека, якога добра ведаў і сябраваў з ім. Шмат было зроблена разам, шмат гаварылася і абмяркоўвалася пры падрыхтоўцы ім выстаў, семінараў, заняткаў і іншых мерапрыемстваў у клубе “Спадчына”, які быў арганізаваны ім і групай беларускай інтэлігенцыі ў сакавіку 1984 года ў Менску, і пры арганізацыі выстаў і сустрэч у музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах, адкуль ён родам.
У энцыклапедычных артыкулах і пра ахвярную дзейнасць самога Анатоля Яўхімавіча Белага, і пра клуб “Спадчына”, і пра створаны ім мастацкі музей у Старых Дарогах сказана вельмі коратка. Але творчасць Анатоля Белага яшчэ не разгледжана, яшчэ патрабуе аналізу, асабліва ў музейнай і калекцыянерскай дзейнасці. Анатоль Белы быў першаўзорам у літаратурна-музейнай працы, у зборы рэдкіх кніг і часопісаў, у зборы твораў беларускіх мастакоў. Пра яго пісалі артыкулы, але іх мала, ды і пісалі іх да нейкіх падзей, што было магчымасцю паказаць рэдкія творы з яго калекцыі. Сваім жыццём Анатоль Белы быў падрыхтаваны да сваёй ролі арганізатара і кіраўніка грамадска-культурнага аб’яднання “Спадчына” і калекцыянера. Нарадзіўся Анатоль Яўхімавіч Белы ў горадзе Старыя Дарогі 10 снежня 1939 года. Зведаў вайну ў самым маленстве. Бацька яго быў у партызанах, і абставіны склаліся такім чынам, што некаторы час малалетні Анатоль таксама знаходзіўся ў партызанскім атрадзе. Анатоль Белы служыў у Савецкай Арміі, быў лётчыкам, даслужыўся да звання капітана. Служба яго праходзіла на Далёкай Поўначы, уключна з раёнам Чукоткі. Не толькі веданне тэхнікі, але і палёты ў далёкіх краях таксама паўплывалі на пэўныя рысы ў характары Анатоля Белага. Анатоль Яўхімавіч Белы вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які паспяхова скончыў у 1967 годзе, а з 1969 года працаваў у БДУ выкладчыкам філасофіі. Такая падрыхтоўка значна пашырыла досвед А.Белага ў яго асветніцка-культурнай дзейнасці. Пры нагодзе ён, дарэчы, згадваў пэўныя палажэнні філосафаў розных часоў. Жыццёвая і грамадска-філасофская падрыхтоўка дапамагала яму ў арганізацыі і кіраванні як клубам, так і ў яго калекцыянерскай дзейнасці. А дапамагалі яшчэ і яго чалавечыя якасці – добрыя адносіны да людзей, шчырая дапамога ім у розных справах. Арганізаваўшы ў тыя складаныя часы культурна-асветніцкі клуб “Спадчына” нацыянальнага накірунку, ён заставаўся яго старшынёй да канца свайго жыцця. Мэтай стварэння клуба былі прапаганда і папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі. Я добра ведаю дзейнасць клуба “Спадчына”, бо працавў у ім ад самага пачатку і, нават, уносіў некаторыя прапановы ў яго дзейнасць. У цяжкі перыяд дзейнасці слаўнага сына Беларусі, гісторыка Міколы Ермаловіча, у першай палове 80-х гадоў ХХ стагоддзя, калі вучоная рада Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі звярнулася з лістом у ЦК КПБ, каб забараніць друкаванне твораў М.Ермаловіча, Анатоль Белы не пабаяўся і арганізаваў сустрэчу з гэтым неардынарным гісторыкам у клубе “Спадчына”. Я таксама прысутнічаў на лекцыі амаль сляпога М.Ермаловіча і падтрымаў яго. Гэта было ў 1986 годзе. Тэма лекцыі была новай і прысвячалася летапіснай Літве. Трэба адзначыць, што канцэпцыя М.Ермаловіча адпавядае высновам археолагаў пра тое, што да VІІІ – ІХ стагоддзяў на сучаснай тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны. Рэшткі іх паступова асіміляваліся беларускім насельніцтвам уключна ажно да ХVІ стагоддзя (раён Вільні і сучаснага беларуска-літоўскага памежжа). М.Ермаловіч слушна падкрэсліў, што стварэнне Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у Навагрудку, найперш адпавядала інтарэсам беларускіх феадалаў. Не выпадкова і тое, што ў ВКЛ ад самага пачатку пануючае месца заняла беларуская культура, а тагачасная беларуская мова стала дзяржаўнай. У беларускай гістарычнай літаратуры панаваў тады вялікарасійскі міф пра заваёву тэрыторыі Беларусі літоўцамі. Паводле гэтага міфу Расія “мусіла” вярнуць сабе заваяваныя іншаземцамі “свае” землі, якія ёй да гэтага і належалі. Усё гэта доказна адвергнуў Мікола Ермаловіч. Праслухаўшы выступ-лекцыю М.Ермаловіча пра летапісную Літву, я, падтрымаўшы яго канцэпцыю, адзначу што па сваіх ведах Мікалай Іванавіч Ермаловіч мог бы быць акадэмікам, калі б гэтае званне давалася не з палітычных, а навуковых меркаванняў. Слухачы ў клубе “Спадчына” падтрымалі такую прапанову. Пасля гэтай лекцыі М.Ермаловіча Анатолю Беламу забаранілі збіраць сяброў клуба ў тым памяшканні, дзе яны збіраліся. Анатоля Яўхімавіча выклікалі ў райкам партыі і забаранілі збіраць клуб. Але А.Белы знаходзіў розныя памяшканні, і лекцыі працягваліся. Памятаю, як я збіраўся чытаць лекцыю дзесьці на ўскраіне горада. Прыйшлі А.Белы, сябры клуба і я. А загадчык аўдыторыі кажа, што толькі што тут быў сакратар гарадскога камітэта партыі П.К.Краўчанка і забараніў праводзіць маю лекцыю. Прыйшлося разыходзіцца. Аднак часы перабудовы грамадства працягваліся. Клуб “Спадчына” працягваў сваю дзейнасць. Анатоль Белы і сябры клуба запрашалі вучоных, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў і абмяркоўвалі даклады і рэфераты. На пасяджэннях “Спадчыны” адзначаліся выдатныя падзеі ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі. Пад кіраўніцтвам Анатоля Белага праводзіліся выставы, выдаваліся альманахі, плакаты-каментары на гістарычныя тэмы. На дабрачынныя сродкі і ахвяраванні ў 1994 г. былі пастаўлены помнікі Максіму Багдановічу ў Яраслаўлі, у 1996 г. – Кірылу Тураўскаму ў Мінскай Епархіі, у у 1998 г. – Францішку Скарыне і Міколу Гусоўскаму ў Менску, у 1998 г. – Адаму Міцкевічу ў Халопенічах, 1999 г. – Еўфрасінні Полацкай у Менску, а ў 2000 г. у Полацку, у 2000 г. – Васілю Цяпінскаму і Сымону Буднаму ў Менску, у 2002 г. – Ларысе Геніюш у Зэльве і Міколу Ермаловічу ў Маладзечне, у 1995 г. усталявана шыльда ў Яраслаўлі на доме, дзе ў 1915 – 1918 гадах дзейнічаў у эвакуацыі Менскі настаўніцкі інстытут. А на сядзібе мастацкага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах знаходзіцца шэраг помнікаў, прысвечаных нацыянальна-культурным дзеячам Беларусі і гістарычным падзеям. Акрамя гэтых асноўных прац, вялікую ролю адыгрывае і культурна-асветніцкая дзейнасць, якую праводзіць клуб “Спадчына” у інтэрнэт-прасторы. Яшчэ раней былі адкрыты сайты “Адраджэнцы Беларусі”, “Пакутнікі Беларусі” і іншыя матэрыялы. Вельмі многае было зроблена сябрамі клуба. Аднак галоўнае месца ў гэтай дзейнасці належыць Анатолю Яўхімавічу Беламу. Ён аставіў свой след у гісторыі Бацькаўшчыны. Не стала Анатоля Яўхімавіча Белага 14 лістапада 2011 г. Шмат было зроблена пад яго кіраўніцтвам для таго, каб беларусы захавалі сваю адметнасць і былі самадастатковай еўрапейскай нацыяй. Але, на вялікі жаль, яшчэ многае не зроблена. Захаваць усе тыя добрыя традыцыі, якія вызначаліся былым кіраўніцтвам, і перш за ўсё Анатолем Яўхімавічам Белым, – гэта тыя праблемы, якія неабходна вырашаць новаму кіраўніцтву клуба. 15.05.2012 г. Анатоль Грыцкевіч, беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Ганаровы сябра культурна-асветніцкага клуба “Спадчына”.
|