Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 204 госцяў анлайнЦЫРКУНОЎ Алесь Іванавіч |
ЦЫРКУНОЎ Алесь Іванавіч (28.03.1948, в. Лясань Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.), мастак-жывапісец, педагог. Сябар Саюза мастакоў Беларусі (суполка “Пагоня”). Намеснік старшыні клуба “Спадчына”. Прайшоў многа складаных дарог жыцця: тры дзіцячыя дамы, шахты Данбаса, служба ў войску, праца на Мінскім аўтазаводзе. Шукаў сваё месца ў мастацтве, наведваючы ў розныя часы розныя мастацкія гурткі, студыі, мастацкую студыю ДК Мінскага трактарнага завода, якая і вызначыла далейшы шлях: скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Працаваў на Гомельшчыне, дзе арганізаваў работу дзіцячай мастацкай студыі. Як мастак ствараў штогод 20 – 30 твораў. Яго творы знаходзяцца ў Старадарожскім мастацкім музеі Анатоля Белага, прыватных зборах за межамі Беларусі, музеях Мінска, Новаполацка, Гродна, Віцебска, Астраўца, Паставаў, Оршы, Жлобіна і інш. Сярод іх: “Веткаўчанін Фёдар Шкляроў” (1976) – у Веткаўскім музеі этнаграфіі і фальклора; “Спрадвечнае і неўміручае” (1985), “Поступ” (1988) – у Музеі сучаснага мастацтва; “Францішак Скарына” (1989) – у Заслаўскім гісторыка-культурным музеі; “Дзяды” (1987), “Бульба” (1985), трыпціх “На досвітку” (1975 – 1978) – у Магілёўскім мастацкім музеі; “Ростанцы” (1983 – 1985), копія твора Я.Драздовіча “Дарога да храма” (1990) – у Музеі гісторыі і культуры Беларусі (Мінск); Партрэт “Кузьма Чорны ў Мінску, год 1944”, “Тры грацыі” – у Копыльскім краязнаўчым музеі; “Белая мелодыя” (1985), “Сырадой”, “Подых вясны” і інш. – у Міністэрстве культуры Беларусі; “Бабуліна спадчына” (1975) – у прыватным зборы (Італія).
Яго выставачная дзейнасць распачалася з 1976 г.: Рэспубліканская выстаўка “Слава труду”, выстаўкі рэспубліканскага і саюзнага значэння; групавыя выстаўкі за мяжой у складзе суполак: “Няміга – 17” (1990, галерэя “Арсенал”, Рыга), “Пагоня” (1991, Літоўскі нацыянальны музей, Вілнюс).
Пасля Чарнобыльскай аварыі рашуча змяніў свае погляды на месца мастака і мастацтва ў жыцці народа: сюжэты яго твораў набылі нацыянальную тэматыку, паступова ператвараючыся ў супраціў камуна-бальшавізму. З 2000 г. акрамя жывапісных твораў стаў вырабляць і архітэктурна-мемарыяльныя знакі, помнікі (іх ужо 6). Мастацкія праекты да ўсіх знакаў і большая частка працы (акрамя кавальства) былі выкананы мастаком. Усе яны прысвечаны падзеям ці асобам, якія маюць грамадскую і гістарычную значнасць, і былі ўстаноўлены і асвечаны ў знамянальныя дні:
За актыўную дзейнасць на ніве нацыянальнага Адраджэння Камітэтам Ушанавання ганараваны медалём Герба “Пагоня” (25.03.1997), ордэнам “Гонар Айчыны” (25.03.2000) і адпаведнымі дыпломамі. Занесены ў кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.
У Старадарожскім мастацкім музеі экспануецца твор:
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Мінск). Групавы партрэт “Васіль Быкаў сярод сяброў клуба “Спадчына”. 2006. ДВП, алей. 80х60 см.
Алесь Іванавіч Цыркуноў (1948, Мінск). “Аўтапартрэт”. 1982. Палатно, алей. 65х45 см.
|