БАЛАДА МАГІЛЬНЯНСКАЙ БІТВЫ |
БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА МАГІЛЬНЯНСКАЙ БІТВЫ (1284) Бітва працягвалася з ранку да вечара і скончылася на карысць князя Рынгольта. Кааліцыя рускіх князёў
і татар панесла страты ў 40 тысяч чалавек. Страты войска Рынгольта—700 забітых і 200 параненых.
Сорак тысяч магіл каля вёскі Магільна Анікому капаць, анікому аплакаць— Вы здалёку прыйшлі, будзе сніцца вам Вільня, Да якой вы хацелі са смерцю дайсці. І ўсю ноч у Магільна правые сабака, І не ўздыдзе раса на траве і лісці, Толькі кроў зачарнее, як вугаль, застыне І малітва чужая з яе не ўсплыве, І назаўтра пральецца, як з вечнасці, лівень, Як у Лету, у Нёман знясе па траве Кроў чужую і долю, і веру чужую, І князёў-маскалёў і арду залатую…
Чарапоў сорак тысяч ля вёскі Магільна У траве па дарозе з чужыны на Вільна Будзе доўга жаўцець, размывацца дажджамі І прымацца зямлёю, што ў нас пад нагамі...
|