БАЛАДА ЛЬВА САПЕГІ (4.04.1557—7.07.1633)
У Ружанах на вуліцы вецер, Нібы воўк, што ў начы заблудзіў, Ля вакон, што да раніцы свецяць, Прыпыніўся, свой шлях прытаіў І заціх... І прыцішыў дыханне Па-над кнігаю новаю ён, Адзінокі, сівы, бы ў тумане, І самотны, як вечнасць, як сон, Леў Сапега, што сёння начуе Сярод кніг, як сярод цішыні, У якой па стагоддзях вандруе Белы рыцар на белым кані. І гараць свечкі светла, бы ў Храме, І па кнігах зноў цені, як дым, Прапаўзаюць, губляюцца з намі У паветры ад зор залатым. І запіша ён зноў, што спазнае, Запісаўшы, закрэсліць ізноў. Ён—Сапега, Сапегу свет знае, Як сам знае Сапега любоў Да зямлі, на якой нарадзіўся, За якую маліўся і біўся... І назаўтра ён сядзе ў карэту, Зноў у Вільню паедзе, у свет, І за ім, нібы воўк, на край свету Будзе вецер ляцець след у след...
|