БАЛАДА ТАДЭВУША РЭЙТАНА (20.08.1742--8.08.1780)
“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”-- І крыжам ты лёг пад нагамі сваіх землякоў. Вялікае Княства быць цэлым , як сэрца, павінна, Калі ж раздзіраць яго-- будзе пралітая кроў. Ды ўжо ўсё падзелена, толькі адобрыць патрэбна. Адобрыць падзел аніхто не прымусіць цябе. Цябе аніхто тут не купіць за золата й срэбра, Купляюцца ж многія, потым жывуць у журбе, Бо золата й срэбра ніколі не будзе Айчынай, Дзе сонца ўзыходзіць, нібыта смяецца дзіця, Дзе самыя вабныя ў свеце красуні-жанчыны, З якімі жыць цяжка, але і не будзе жыцця Без іх на зямлі, дзе туман малаком раніцою Стаіць ля вакон і па лузе квяцістым плыве, Дзе бусел, нібыта ад Бога пасол, над зямлёю Яднае крыжы на касцёле старым і царкве. “Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”. Твой голас у шуме, бы ў твані сівой, патануў. З табой засталіся найлепшыя нашы мужчыны, З якімі любую асіліш бяду і вайну, Але вас нямнога і ўжо не з’іначыш нічога… І вернешся ў родную Грушаўку ты не маўчаць, І будзеш, як свечка адна, прад Айчынай і Богам На вочах тутэйшых людзей дагараць…
|