БАЛАДА НАПАЛЕОНА ОРДЫ (11.02.1807--26.04.1883)
Ніколі не позна вярнуцца з чужыны Да любае сэрцу самотнай Айчыны І стаць яе славай, якая з гадамі Вышэй і вышэй, нібы зоры над намі. Вярнуцца і помніць Парыжскія драмы, Паэзію, музыку, фарбы і Храмы, І неба Італіі, што як віно У тым вінаградзе, які ўжо даўно Антычны і спелы, як жніўнае лета, Што ў фарбах застыне і ў словах паэтаў, З якімі ты марыш аб вольнай краіне. І шмат хто за волю краіны загіне, Бо волі падмурку не быць без крыві. А волі не хочаш-- па-рабску жыві! І ты інсургент, але болей-- мастак, Што ведае волі сапраўднае смак І сёння малюе сядзібы і Храмы, Каб заўтра, як ён, мы сказалі таксама, Што тут Беларусь і была, і век будзе, І мы еўрапейскія людзі…
|