БАЛАДА АЛЯКСАНДРА РЫПІНСКАГА (каля 1810—1900)
Праз трыццаць год вяртаешся дахаты, Рамантык, інсургент, мастак, паэт, І прад табою край твой—не пракляты, А любы, нібы з васількоў букет,
Што ты паклаў на сцежку інсургентаў, З якімі волю для людзей шукаў. Крывёй за волю плацяць—добра ведаў І ты сваёй крыві не шкадаваў.
І хоць было разгромлена паўстанне Ты не адрокся ад былых дарог, Бо Беларусь—не кветка, што век вяне, А Храм любові, дзе жыве Пан-Бог,
Дзе ўсё сваё: і песні, і легенды, І мова, без якой загінем мы, Як без людской спагады інсургенты Сярод завейнай лютае зімы.
І будзеш сніць Парыж і Лондан шэры, Дзе ты і сёння мог спакойна жыць І не палохацца ад стуку ў дзверы, Бо за дзвярамі, як ваўкі, віжы.
Напішаш ты пра родны край балады, Дзе пра любоў сваю не прамаўчыш. Праз трыццаць год вяртаешся дахаты, Нібыта ўчора з’ехаўшы ў Парыж…
|