БАЛАДА ЯНКІ КУПАЛЫ (7.07.1882—28.06.1942)
...Сябе забыць ці быць забытым? Сябе забіць ці быць забітым І ў лесвічны ляцець пралёт? Прыстукі чорныя, як лёд, Як лёс, які нас напаткаў… Купала падаў і ўставаў, І заставаўся, як наш свет, Як той адвечны наш партрэт, Які даўно не беражом, Не разумеючы-- жывём Мы толькі з ім і родны дом Не будзе знішчаны агнём, Ні часам, ні якой бядой, І сум размыецца вадой, Што з неба весняга пральецца, І ўжо ніхто не пасмяецца Над намі і над нашым краем, Які ў нас быў, які мы маем І будзем мець, як меў Купала. Купала ёсць і нам нямала, Каб быць, тутэйшае любіць, Каб падаць і ўставаць, і жыць, І заставацца, як наш свет, Як той адвечны наш партрэт, Які, нібыта Божы Храм, Што звеку не належыць нам...
|