БАЛАДА СЫМОНА РАК-МІХАЙЛОЎСКАГА |
БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА СЫМОНА РАК-МІХАЙЛОЎСКАГА (2.04.1885--27.11.1938)
…Жыццё-- не каляровы сон, кроў-- не вада, І гэта сёння добра разумееш ты. Як пальцы ў кулаку, людская грамада, Калі адна ёсць мэта ў цэлай грамады.
А мэта-- жыць у беларускай грамадзе На роднае зямлі, якую даў нам Бог. Тут зоры, як у небе, у рачной вадзе, Тут вечна студні і крыжы каля дарог.
“Што заслужылі, тое атрымалі мы…”-- Гаворыш ты і чуюць Салаўкі твой крок, І сочыць за табою вартавы, як воўк, Каб ты не ўцёк у белы акіян зімы.
Ты не ўцячэш, ты вернешся ў радзімы край, Ужо там кулю для цябе рыхтуе кат. Радзіма-- сонца вечнае і вечны рай, Калі глядзіш ты на Радзіму не з-за крат.
Ты ў грамадзе. І голас з неба чуеш ты: “Хто з вас гатоў агонь зімы стушыць крывёй?..” І першым выйшаў ты спакойна з грамады, І, выйшаўшы, застаўся з грамадой.
|