БАЛАДА АЛЕНЫ КІШ (1896—1949)
У раўчуку вада халодная, як неба, З якога дождж ішоў, а заўтра пойдзе снег Бялюткі, сумны, нібы восеньскае срэбра, Дзе слёзы ёсць твае і ёсць чужацкі смех З таго, што босая ідзеш ад вёскі ў вёску І дываны малюеш гожыя, як рай, Які адной табе прысніўся з ласкі боскай, Каб дыванамі прыгажэўся родны край…
Ты прад вадой, нібы прад будучай карцінай, Стаіш і бачыш як цячэ тваё жыццё Вадою праз трыснёг пад сумнаю рабінай, Што з адзіноты пагубляла ўсё лісцё, Як ты надзеі пагубляла, каб з нягоды, Як з ямы чорнай, выбрацца на белы свет, Каб райскі сад на дыване стаў назаўсёды Жывым і райскім, як цяпер снег на траве…
І ты, нібы пісьмо каханаму, у неба Ляціш і падаеш у белую ваду, Нібы ў халоднае расплаўленае срэбра, З якога кветкі райскія ўзрастуць…
|