БАЛАДА МІХАЛА ЗАБЭЙДЫ-СУМІЦКАГА (14.06.1900—21.12.1981)
Спяваючы ў Празе, спяваў для Айчыны І ў сэрцы Айчыну, як песню, бярог. Самотна шумелі бярозы, рабіны Над пылам і брукам радзімых дарог, Якімі табе не прыехаць дахаты І ў вочы вяскоўцаў, бы ў вечнасць, зірнуць І ўбачыць народ працавіты й багаты, Які беларускім у свеце завуць За мову, за годнасць, за мужнасць і веліч, Якія спрадвеку, якія навек. І страшна, што ў цэрквы сцяжыны ўтравелі, Але жыве Бог у душы, бы ў царкве. І ты зноў спяваеш і чуе Еўропа І хоча, каб ты беларусам сябе Больш не называў і пражыў у журбе На дне залатога ад гільзаў акопа, З якога не кожны бароніць Айчыну, Каб сонца было па-над ёй і каб ты Усё да астатку Айчыне пакінуў І быў для Айчыны, як кропля вады Жывой... І ты не адрокся ад долі Сябе называць беларусам, каб мы Адвечнае наша імкненне да волі Не пазагублялі на сцежках зімы, Калі ты пайшоў...
|