БАЛАДА СЯРГЕЯ НОВІКА--ПЯЮНА |
БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА СЯРГЕЯ НОВІКА--ПЯЮНА (27.08.1906—26.08.1994)
У небе Айчыны чарнюткія краты, І чэрап у небе—не сонца—плыве. Пры новай уладзе ты зноў вінаваты, Што ты беларусам з’явіўся на свет. І гоняць ізноўку цябе да магілы, І дротам калючым прыгожыцца шлях. І воранаў чорных чарнюткія крылы, І белыя крылы анёлаў, і жах Над шляхам тваім, над людской непакорай. І будзяцца песні пад звон кайданоў, І будзяцца сілы, каб выжыць у горы, Вярнуцца і ў гора патрапіць ізноў. Навокал чарнеюць крывёю курганні, І вёскі пустыя, і выюць ваўкі. Ты помніш апошняе з маці спатканне, І спадчыну дзеляць штодня чужакі. І колюць штыкамі па-рабску у спіну Служакі, што вераць у светлы прасцяг І ў зорнае заўтра турэмнай Айчыны І крочаць па братняй крыві і касцях. Цяжэюць ватоўкі, звярэюць сабакі, І холад, і голад збівае ўсіх з ног. Смяротнікаў новых чакаюць баракі, І ямы чакаюць—ля чорных дарог, І працу чакаюць культурныя каты… Душа паўтарае: “Айчына жыве!” А ў небе Айчыны турэмныя краты, І чэрап у небе—не сонца—плыве.
|