БАЛАДА УЛАДЗІСЛАВА ЧАРНЯЎСКАГА (14.01.1916—22.12.2001)
...І прыйшоў ён да нас, нібы слова жывое Апусцілася з неба на нашу зямлю, Дзе адвеку ў пашане сваё і чужое, Дзе прад светам баімся сказаць мы “люблю” Шчодрым нівам, якія паліты крывёю Нашых продкаў, што верылі ў лепшы прасцяг, Ветлым хатам, напоўненым век цеплынёю, Сціплым людзям, што горбяцца з ранку ў палях...
Ён прыйшоў, як прыходзяць вясна і світанне, Хоць не кожны вясну і світанне чакаў, Хоць не кожны пранікся ягоным літаннем Толькі ён не адрокся таго, што абраў, І ў мястэчку ў касцёле, гаворачы з Богам, Верыў ён, што надыдзе той радасны час,-- Прывядзе нас у Храм беларускі дарога, Ды шкада, што тады ўжо не будзе тут нас...
І пайшоў ён ад нас, нібы слова жывое, І прайшоў ён праз нас, як святло з абразоў, Каб мілей нам зрабілася наша, святое, Каб мы ўспомнілі шлях да забытых крыжоў...
|