БАЛАДА МІКОЛЫ ЕРМАЛОВІЧА (29.04.1921—5.03.2000)
Ён праз туман, нібыта праз стагоддзі, І праз стагоддзі, нібы праз туман, Ідзе няспешна, як па тонкім лёдзе, Па нашым свеце, і гучыць сурма Над ім у небе, і прастор святлее, Як бездань, у якой наш Боскі дзень Народзіцца і душы абагрэе Усім, хто сёння праз зіму ідзе І ў вечнасці зямной не прападзе, Бо Ён ідзе праз княствы і праз войны, Праз дым стагоддзяў і стагоддзяў пыл.
Ён, нібы неба над зямлёю, вольны, І Ён самотны, як трава магіл, Дзе нашае змаганне спачывае, Ды спачывае толькі да пары, Пакуль хто-небудзь зноў не загукае: “У рукі, хлопцы, стрэльбачкі бяры!..” І дойдзе Ён, бо ведае дарогу Да Беларусі, дзе няма зімы, Дзе белы снег нібы рамонкаў многа Яму пад ногі накідалі мы...
|