БАЛАДА КАСТУСЯ АКУЛЫ (16.11.1925-- 29.01. 2008)
Далёка Радзіма, як зорка Венера, Якая заўсёды ў начы прад вачыма Была, і ў душы не цямнілася вера, Што з карты Еўропы не знікне Радзіма, Бо там ёсць каму за Радзіму змагацца, Калі да змагання Радзіма пакліча. У небе не зоры, а іскры мігцяцца Ад нашага вечнага крыўскага зніча, Які мы нясём пра вятры і стагоддзі, Каб светла было нам на нашай зямлі, Каб жыў наш народ, не знікала ў народзе Любоў да свайго і да тых, што жылі, Каб вечна жыла і квітнела Радзіма, Бо толькі Радзіма нам шчасце дае Глядзець на Радзіму душою-вачыма І бачыць і ў шчасці, і ў горы яе… І ты застаешся з Радзімай хоць сёння Далёка Радзіма, як зорка Венера. І крыж твой схіляецца ў светлым паклоне У бок Беларусі, што верыла й верыць Сынам, што любілі і любяць яе Да смерці, аддана й без меры…
|