Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 538 госцяў анлайнКалі ты — беларус... |
Сымон БАРЫС
Цяпер мы жывем у незалежнай дзяржаве — Рэспубліцы Беларусь, якая з’яўляецца сябрам ААН і СНД. І нягледзячы на гэта пагроза страты незалежнасці Беларусі на пачатку ХХІ стагоддзя існуе. Працэсы глабалізацыі і інтэграцыі ў свеце вымушаюць нас быць пільнымі. Ад кожнага беларуса залежыць ці захаваем мы беларускую нацыю, сваю мову і дзяржаву. Што трэба рабіць? Адказаць трэба самому сабе на пытанне: “Што я зрабіў для Беларусі?” Калі ты — беларус, шануй і любі сваю мову, размаўляй у Беларусі толькі па-беларуску. Ведай, што другой Беларусі няма. Тут твая зямля і толькі тут ты і пан і гаспадар яе. І мова твая пявучая, багатая і не горшая, чым у тваіх суседзяў. Памятай словы Францішка Багушэвіча: “Беражыце і шануйце мову нашу беларускую, каб не ўмёрлі!..” Нас, беларусаў (праваслаўных, католікаў, стараабраднікаў, пратэстантаў), аб’ядноўвае беларуская мова. Калі ты — беларус, ведай этнічныя межы рассялення беларусаў. Ведай, што каля 5 мільёнаў беларусаў жывуць у іншых краінах. І вельмі добра, што многія з іх не цураюцца беларушчыны. Калі ты — беларус, пераадолей сваю абыякавасць да лёсу беларускай мовы і сваёй беларускай дзяржавы. Абарона мовы і дзяржавы — твой свяшчэны абавязак і гэта святая справа. Калі ты — беларус, у якой бы ты краіне апынуўся, знайдзі і падтрымай земляка. Вазьмі добры прыклад з габрэяў. Усюды, дзе ёсць два-тры беларусы, стварайце суполку, затым грамаду. Дапаўняйце адзін аднаму незалежна ад яго веравызнання. Калі ты — беларус, ведай гісторыю беларускага народа. Ад племянных саюзаў крывічаў, дрыгавічаў, яцвягаў і радзімічаў ідзе наш беларускі род. Памятай, што наша спадчына — гэта нашы карані, таксама як і наша мова. І калі карані засыхаюць, засыхае і расліна. Таму акупанты на нашай зямлі стараліся наш народ пазбавіць мовы, гістарычнай памяці (спадчыны) і вынішчыць беларускую культуры. Ведай і памятай, што на беларускай мове ў ХVI стагоддзі напісаны статут Вялікага княства Літоўскага — зборнік законаў і фактычна першая канстытуцыя ў Еўропе. Калі ты — беларус, у сваёй роднай хаце або гарадской кватэры, трымай у сваёй бібліятэцы беларускія кнігі: па гісторыі Беларусі (напрыклад, “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”), па беларускім мастацтве і творы класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Міколы Ермаловіча, Васіля Быкава. Каля ты — беларус, ты павінен умець праспяваць хоць бы адну народную або папулярную беларускую песню,, а таксама ведаць памяць беларускі гімн і пры неабходнасці выканаць яго. І не так ужо важна, ці гэта будзе “Пагоня”, “Ваяцкі марш” або “Мы — беларусы...”. Калі ты выпадкова трапіш у нейкую інтэграцыянальную групу і прадстаўнікі іншых народаў праспяваюць свае песні, а ты не зможаш праспяваць сваю беларускую, дык табе будзе сорамна. Сорамна будзе і нам, бо ты — прадстаўнік беларускага народа. Калі ты — беларус, захоўвай нашы традыцыйныя звычаі і абрады. І калі ў цябе цяжкая пільная, адказная работа, прасі сваіх сяброў і суседзяў на талаку, як рабілі нашы продкі. І калі цябе запрашаюць у талаку, не адмаўляйся, ідзі і дапамажы. У талацэ робяць бясплатна, за дзякуй і пачастунак. Працуй як у сябе дома і лянуйся. Гультаёў у нас не любяць. Калі ты — беларус, ведай сваіх нацыянальных герояў і ўшаноўвай у памяці іх прозвішчы. Памятайце пра подзвігі Тадэвуша Рэйтана, Тадэвуша Касцюшку, Якуба Ясінскага, Мікалая Валовіча, Кастуся Каліноўскага, Вінцэся Гадлеўскага. Каля ты — беларус, не забывай нашых святых асветнікаў: небяспечную апякунку Беларусі Ефрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, ведай пра асветніцкую дзейнасць Кліма Смаляціча і Францішка Скарыну. Калі ты — беларус, ганарыся і шануй імёны палкаводцаў сваіх Усяслава Брачыславіча Чарадзея, Вітаўта Вялікага, Льва Свідрыгайлы, Кастуся Астрожскага, Льва Сапегу, Януша Радзівіла, Яна Хадкевіча. Калі ты — беларус, ведай прозвішчы нацыянальных дзеячаў, якія 25 сакавіка 1918 года абвясцілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Іх прозвішчы мы абавязаны ўшанаваць хаця б у назвах вуліц. Гэта браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі і Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік і Аркадзь Смоліч. Калі ты — беларус, запомні трагічныя даты, памятай пра тыя падзеі. Трагічныя даты беларускага народа: 1067 г., 1399 г., 1648—1667 гг., 1772—1795 гг., 1914—1921 гг., 1929—1930 гг., 1937 г., 1941—1944 г., 1986 г. Ведай і пра памятныя дні Беларусі. Іх у нас таксама шмат. Калі ты — беларус, бяры добры прыклад з нашых папярэднікаў і сучаснікаў. Калі мой паважаны зямляк не наведаў Гудзевіцкі краязнаўчы музей у Мастоскаім раёне і не сустрэўся з Алесем Белакозам, дык ведай, што ты не ведаеш і не бачыў сапраўднага беларуса-патрыёта. Калі мой шаноўны чытач не паглядзеў экспазіцыю Старадарожскага мастацкага музея (фонд Анатоля Белага) і экспазіцыю Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАНБ, дык ты не ведаеш сапраўдную беларускую культуру. Настаўнік Алесь Белакоз і выкладчык БДУ Анатоль Белы стварылі славутыя музеі, якімі беларусы могуць ганарыцца. Яны працавалі дзеля Беларусі. А што зрабіў ты для Беларусі?! Ці паважаем мы сябе як народ?!
|