Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 101 госцяў анлайнГАРДЗІСЛАВА Святаслаўна |
(у манастве Е ў д а к i я ; пасля 1110 — ?)
Асветніца, дачка полацкага князя СвятаславаГеоргія Усяславіча; малодшая сястра Прадславы (Ефрасінні Полацкай), адна з яе бліжэйшых паплечніц i прадаўжальніца спраў. Каб выбраць сабе памочніцу, Ефрасіння Полацкая, відаць, кіравалася тым, што Г. была дастаткова ўспрымальная, паслухмяная i мела здольнасщ да навук, a паводзіны старэйшай сястры заўсёды былі для яе узорам высокай духоўнасці i самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне. Заснаваўшы паблізу Полацка Спасаўскі манастыр (не пазней 1128), Ефрасігіня папрасіла бацьку прыслаць да яе сястру Г. для навучання грамаце. Як паведамляецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай», ігумення «рупна вучыла яе ратаванню душы, а тая рупна прымала, нібы ўрадлівая ніва, памякчыўшы сэрца сваё i кажучы гэтак: «Госпад Бог хай наставіць мяне на ратунак душы тваімі святымі малітвамі, панна». У хуткім часе адбылося тайнае пастрыжэнне Г. ў манашкі i яна атрымала імя Еўдакія. Праз пэўны час ёй было даверана вядзенне ўсіх гаспадарчых спраў святога жытла, i шмат гадоў гэта было асноўным яе абавязкам. Калі пад канец свайго жыцця Ефрасіння Полацкая вырашыла накіравацца ў паломніцтва ў Іерусалім, то яна, паводле «Жыція...», даручыла «ўладарыць i ладзіць сястры сваёй Еўдакіі абодва манастыры». Гэта было сведчаннем таго, что Г. ўзяла на свае плечы кіраўніцтва не толькі жаночым, але i мужчынскім манастыром, таксама заснаваным Ефрасінняй. Пасля смерці Ефрасінні, верагодна, Г. вяла яшчэ i летапісы. Г. — Еўдакія не толькі захоўвала ўсё, што было зроблена намаганнямі Ефрасінні, але i развівала, узбагачала яе пачынанні. Мяркуюць, што дарадчыкам новай ігуменні ў многіх пытаннях быў Кірыла Тураўскі, які стаў епіскапам у Тураве крыху раней, чым Еўдакія настаяцельніцай у Полацку. I калі існавала пастаянная перапіска паміж такімі буйнымі цэнтрамі культуры, якімі былі ў той час тураўская епархія i полацкія манастыры, то, найбольш верагодна, яна вялася не паміж Кірылам Тураўскім i Ефрасінняй, як прынята лічыць, a паміж «тураўскім златавустам» i Еўдакіяй. Ёсць падставы сцвярджаць, што Г. была адной з першых, хто пачаў дамагацца кананізацыі Ефрасінні Полацкай.
Літ.: Аповесць жыція i смерці святой Ефрасінні Полацкай // Спадчына. 1989. №1; Арлоў У.А. Еўфрасіння Полацкая. Мн., 1992; Ігнатоўскі I. Кароткі нарыс гісторыі Беларусь 5 выд. Мн., 1991; Полное собрание русских летописей. Т. 35. М., 1980. М.Багадзяж. |