Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 32 госцяў анлайнКІНІКСМАН Францыск (?—?) |
Выкладчык філасофіі ў сярэдзіне 18 ст. ў Мінску. Біяграфічных звестак пра яго не захавалася. Курс яго лекцый «Крыніца навук, або Дыялектыка», запісаны ў Мінску ў 1759 Казімірам Вярыгам, атрымаў назву «Мінскі трактат». У ім аўтар падзяляе філасофію на логіку, фізіку, метафізіку i этыку, якія ў сваю чаргу на разважанні, пытанні, тэзісы, доказы, пярэчанні. Трактат пабудаваны паводле прынцыпу «за» i «супраць». У раздзеле «Погляды картэзіянцаў» разглядаў зыходныя прынцыпы вучэння Дэкарта аб цялеснай субстанцыі (прастора i працягласць), яго палажэнні аб сувязях душы i цела i інш. Курс логікі пачынаўся звычайна з раздзела «Малая логіка»,або «Дыялектыка», потым ішла «Вялікая логіка», або проста «Логіка». У «Дыялектыку» ўключалася вучэнне аб трох дзеяннях розуму, г. зн. аб паняцці, суджэнні і вывадзе, а таксама ўваходзіла вучэнне аб метадзе, дзе выкладаліся прыёмы навучання логіцы. У 2й частцы «Логікі» разглядаліся універсаліі, іх адносіны да рэчаіснасці, праблемы агульнага і адзінкавага, па сутнасці — тэарэтыкапазнавальныя праблемы. Як і іншыя аўтары трактатаў па логіцы, К. разглядаў праблему агульнага і адзінкавага з пазіцый памяркоўнага наміналізму. Ён сцвярджаў, што універсаліі не з'яўляюцца застылымі духоўнымі сутнасцямі, якія маюць бытнасць да рэчаў і пасля рэчаў, г. зн. незалежна ад рэчаў. К. адрозніваў простыя, складаныя, пазітыўныя, негатыўныя і змешаныя тэрміны, адзначаў наяўнасць «пустых» тэрмінаў, якія вызначаюць нулявое мноства (напр., ніхто). У раздзеле трактата «Крыніца навук, або Дыялектыка» выказваецца думка пра аб'ектыўнасць фармальналагічных пабудоў: суб'ект і прэдыкат (адна з частак суджэння, якая раскрывае асаблівасці прадмета гаворкі) могуць з'яўляцца аб'ектыўнымі, г. зн. ім адпавядаюць рэальныя прадметы; яны могуць разглядацца як фармальныя — без напаўнення іх каккрэтным зместам. К. адзначаў, што існуе і такое вызначэнне, як «тэрмін ёсць знак, які выкарыстоўваецца ў меркаваннях», хоць паняцце, на яго думку, сапраўды перадаецца праз знак і ў ім заключана тое важнае, чаго няма ў знаку як такім. У трактаце гаворыцца таксама пра выкарыстанне знакаў у фізіцы і інш. навуках, пра межы іх выкарыстання. Разам са змяетоўным аналізам ён дапускаў разгляд суб'екта і прэдыката як фармальных знакаў, якія ў выказваннях рэпрэзентуюць адносіны аб'ектаў, лічыў, што найвышэйшая ступень абагульненняў дасягаецца ва універсальных тэрмінах. Такое яго разважанне можна кваліфікаваць як элемент матэрыялістычнага абгрунтавання логікі, бо лагічны тэрмін разглядаецца ў сувязі з аб'ектыўным прадметам. Разглядаючы «мультыплікацыйныя» паняцці, ён тлумачыў, што ў іх абагульняюцца фантастычныя ўяўленні, якім у рэчаіснасці не адпавядаюць рэальныя прадметы. Напрыклад, існуе толькі адзін хрысціянскі Бог; язычніцкі ж бог — гэта мультыплікацыйнае паняцце, гэта «ёсць хімера». У курсе логікі К. высвятляецца паходжанне і дыферэнцыяцыя ідэй, сувязь уяўленняў і паняццяў, узаемадзеянне доследу і логікі, якая ўсё больш збліжалася з прыродазнаўствам, тэорыяй пазнання і псіхалогіяй. Літ.: Очерки истории философской н социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 173—175, 178. Р.Н.Дожджыкава. |