Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 46 госцяў анлайнЛАЎКСМІН Сігізмунд |
(1596— 1670)
Філосаф, тэолаг, літаратар. Нарадзіўся ў Заходняй Літве ў шляхецкай сям'і. У Полацку вывучаў рыторыку (1618—19). Скончыў Віленскі універсітэт. Выкладаў рыторыку ў Полацку (1629—31), паэтыку ў Нясвіжы (1631—35), філасофію ў Віленскім універсітэце (1635—38); а таксама тэалогію i кананічнае права ў Вільні, Бранёве, Полацку, Пінску. Быў рэктарам Полацкага калегіума, віцэрэктарам i праканцлерам Віленскага універсітэта, наведваў з афіцыйнай місіяй Рым. Л. займаўся грэчаскай мовай, тэорыяй літаратуры, маральнай філасофіяй, музычнай i літаратурнай творчасцю. Аўтар першых айчынных падручнікаў па грэчаскай мове, музыцы, рыторыцы. У філасофскай i літаратурнай дзейнасці арыентаваўся на некаторыя ідэалы, уласцівыя гуманізму паўночнага Адраджэння: філасофія, тэорыя асветніцкага абсалютызму, гісторыя антычнай літаратуры, выкананне асветніцкай праграмы пры дапамозе адукацыі i інш. Аўтар працы «Практычнае красамоўства, або Правілы рытарычнага мастацтва...», якая ў 17—18 ст. выкарыстоўвалася як падручнік рыторыкі (2 разы выдавалася ў Рэчы Паспалітай, 11 разоў за яе межам! — у Мюнхене, Празе, Вене, ФранкфурценаМайне, Кёльне i інш.). Узорам для напісання гэтай працы быў падручнік Кіпрыяна Саарэса «Аб мастацтве рыторыкі, заснаванай на выкладанні рытарычных тэорый Арыстоцеля, Цыцэрона i Квінтыліяна». Але Л. прапанаваў прынцыпова новыя структуры i методыку курса рыторыкі. Каб узмацніць значэнне практычнага боку справы, ён увёў вялікі эмпірычны матэрыял, самастойна распрацаваныя практыкаванні, якія заканчвалі кожную главу пад назвай «Практыка тэорыі», i ўзоры прамоў, напісаных у 3 асноўных родах красамоўства: дарадчым, судовым i ўрачыстым. «Прамовы» Л. адрозніваюцца ад прамоў аратараў барока І.Рывоцкага, К.Каяловіча i інш. натуральнасцю стылю, змястоўнай глыбінёй прамовы, чысцінёй мовы. Ён прапанаваў арыгінальную распрацоўку некаторых тэарэтычных праблем неалацінскай літаратуры. У кнізе шырока выкарыстаны творы античных аўтараў Арыстоцеля, Вергілія, Гарацыя i інш. У адрозненне ад Саарэса, які абмяжоўваўся выкладаннем толькі рытарычнай тэорыі, Л. уключыў у кнігу матэрыял «навукі аб доказе» — логікі, што было выклікана яго перакананнем пра цесную сувязь гэтых навук. Асноўнай сферай распаўсюджання «Практычнага красамоўства...» была класічная адукацыя, i гэта кніга доўга служыла ўзорам новалацінскай творчасці. Падручнік Л. страціў сваю папулярнасць толькі ў канцы 18 ст., калі з'явілася новая сістэма адукацыі i ўзніклі новыя школы філолагаўкласікаў. Л. — аўтар невялікай працы «Сутнасць дыялектыкі...», якая ўяўляла сабой кампедыум асноўных пытанняў фармальнай логікі i філасофіі мовы, распрацаваных познасхаластычнымі філосафамі Таледа, Фансекам i інш. на аснове лагічных тэорый Арыстоцеля.
Літ.: Вайткунас Г. Очерк развития эстетической мысли в Литве. М., 1972; Чернышева Л.А. Латиноязычная традиция в культуре белорусского барокко // Белороссика. Мн., 1980. Л.А.Чарнышова. |